Мэр Рыма прадставіў Папу план падрыхтоўкі да Юбілею-2025
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прыватная сустрэча Святога Айца з мэрам Рыма доўжылася каля гадзіны і была, па словах Гуальцьеры, “прыгожай і кранальнай”. “Папа вельмі любіць Рым, ён нагадаў нам, што гэта ўнікальны горад”, - адзначыў ён, дадаўшы, што акрамя Святога года, гаворка ішла аб міры, сацыяльнай палітыцы і экалагічных праблемах.
Указ італьянскага ўрада адносна Юбілею 2025 года прадугледжвае правядзенне 87 мерапрыемстваў на суму больш за 1 мільярд еўра. Гаворка ідзе аб праектах рэканструкцыі і аднаўлення культурнай спадчыны, мадэрнізацыі інфраструктуры мабільнасці, прыёму наведвальнікаў, удасканалення тэрыторыі і навакольнага асяроддзя. Плануецца, што пасля выхаду другога ўрадавага ўказу агульная сума бюджэту па падрыхтоўцы да Юбілею-2025 складзе 4 мільярды еўра.
Гуальцьеры адзначыў, што асноўныя мэты ўказу – найлепшым чынам прыняць дзясяткі мільёнаў пілігрымаў, якія наведаюць Рым, і адначасова зрабіць горад больш даступным, устойлівым і інклюзіўным у адпаведнасці з пасланнем надзеі, усеагульнага братэрства і даверу, якое распаўсюджвае Папа Францішак.