Пантыфік: абараняць жыццё на ўсіх яго этапах
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа “глыбока ўдзячны за сведчанне веры, якое на працягу многіх гадоў публічна выказвалі ўсе тыя, хто прасоўвае і абараняе права на жыццё самых нявінных і ўразлівых членаў нашай чалавечай сям'і”, - гаворыцца ў пасланні з нагоды Нацыянальнага малітоўнага чування за жыццё, якое адбылося 19 студзеня 2023 года ў базыліцы Нацыянальнага санктуарыя Беззаганнага Зачацця ў Вашынгтоне.
Яго зладзілі напярэдадні штогадовага Марша за жыццё ў Вашынгтоне, які прайшоў сёлета ўжо ў 50-ы раз. Удзельнікі разважалі над наступнымі крокамі, якія неабходна зрабіць пасля таго, як Вярхоўны суд ЗША адмяніў рашэнне па справе Роў супраць Уэйда і пастанавіў, што жанчыны не маюць канстытуцыйнага права на аборт.
“Пабудова сапраўды справядлівага грамадства заснавана на павазе да святой годнасці кожнага чалавека і прыняцці кожнага чалавека як брата і сястры”, - гаворыцца ў пасланні. - У сувязі з гэтым Францішак спадзяецца, што “Усемагутны Бог умацуе рашучасць усіх людзей, асабліва моладзі, працягваць намаганні, накіраваныя на абарону чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах, асабліва з дапамогай адпаведных прававых мер, прынятых на ўсіх узроўнях грамадства”.
“Тым, хто ўдзельнічае ў Маршы за жыццё, і ўсім тым, хто падтрымлівае яго сваімі малітвамі і ахвяраваннямі, Святы Айцец ахвотна дасылае сваё благаслаўленне і пажаданне моцы і радасці ў Богу", - завяршаецца тэкст звароту да вернікаў ЗША.