Пошук

Пантыфік з супрацоўнікамі і валанцёрамі Інстытута распаўсюджвання пісьменнасці ў свеце Пантыфік з супрацоўнікамі і валанцёрамі Інстытута распаўсюджвання пісьменнасці ў свеце   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пантыфік: без адукацыі не можа быць цэласнага развіцця чалавека

Садзейнічаць развіццю пісьменнасці ў свеце, каб кожны чалавек меў магчымасць не толькі задавальняць свае асноўныя патрэбы, але і "даць лепшае з сябе", – заклікаў Папа работнікаў сферы адукацыі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

23 студзеня 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў, супрацоўнікаў і шматлікіх валанцёраў Інстытута распаўсюджвання пісьменнасці ў свеце (Opera di Promozione dell’Alfabetizzazione nel Mondo). Папа нагадаў, што прайшло 50 гадоў з таго часу, калі ксёндз Карла Мураторэ заснаваў гэты рух, зразумеўшы, што "адукацыя з'яўляецца неадʼемнай часткай евангелізацыі і развіцця чалавека". За гэтыя гады члены арганізацыі рэалізавалі тысячы адукацыйных праектаў у звыш за 80 краін свету.

Францішак аднавіў заклік, з якім паўстагоддзя таму звяртаўся Павел VI у сваёй энцыкліцы Populorum progressio. "Калі мы перачытваем гэтыя вялікія папскія дакументы шасцідзясятых гадоў – тое ж самае тычыцца і Pacem in terris святога Яна XXIII – мы разумеем, наколькі яны актуальныя і наколькі, на жаль, іх пасланне не было атрымана! Так, на словах многія згадзіліся з імі, але на справе мадэль развіцця не змянілася і па гэты дзень". На думку Папы, гэта адбылося таму, што не былі ліквідаваныя асноўныя прычыны адставання ў развіцці, адной з якіх з’яўляецца менавіта непісьменнасць.

Падчас аўдыенцыі з супрацоўнікамі і валанцёрамі Інстытута распаўсюджвання пісьменнасці ў свеце
Падчас аўдыенцыі з супрацоўнікамі і валанцёрамі Інстытута распаўсюджвання пісьменнасці ў свеце

Па словах Пантыфіка, у энцыкліцы Populorum progressio адлюстроўваецца тая ж мара, што і ў энцыкліцы Fratelli tutti. Гэта мара Касцёла, ці, хутчэй, мара Бога аб свеце, у якім мы ўсе зможам жыць як браты і сёстры, у поўнай годнасці.

Францішак падзякаваў сваім гасцям за тое, што сваімі штодзённымі намаганнямі яны садзейнічаюць дасягненню гэтай "мары аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве, якія не абмяжоўваюцца толькі словамі". (Fratelli tutti, 6). Рэалізуючы адукацыйныя праекты, яны робяць свой унёсак у "стварэнне адкрытага свету", дзе падтрымка аказваецца "кожнаму чалавеку на любым этапе яго жыцця не толькі для задавальнення яго асноўных патрэб, але і для таго, каб ён меў магчымасць даць лепшае з сябе".

Напрыканцы прамовы Папа заклікаў членаў арганізацыі ісці наперад, захоўваючы высокую якасць працы і абапіраючыся на Евангелле, благаславіў іх і даручыў заступніцтву Маці Божай.

23 студзеня 2023, 12:37