Святы Айцец: літургія павінна весці да Хрыста
Аляксандр Панчанка - Vatican News
20 студзеня 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў курса для адказных за літургічныя цэлебрацыі ў розных дыяцэзіях свету, які праходзіў у Папскім інстытуце святога Анзэльма. Ён падкрэсліў, што служэнне цырымоніймайстраў патрабуе не толькі глыбокіх ведаў, але таксама разумення душпастырскіх патрэб. Праз літургію нам “перадаецца Божае жыццё”, яна з’яўляецца “школай нашай душы” і павінна “весці да сустрэчы з пасхальнай таямніцай Хрыста”, - сказаў Францішак.
На думку Пантыфіка, цырымоніймайстар павінен рабіць усё, каб літургія заззяла ў сваёй прыгажосці, прастаце і парадку, а таксама памятаць, што пакліканы супрацоўнічаць з біскупам у служэнні супольнасці. Папа дадаў, што гэта роля вымагае разважлівых і старанных дзеянняў, каб не ставіць “абрад вышэй за тое, што ён выражае, але дапамагаць спасцігнуць яго сэнс і дух”.
“Мы павінны заўсёды мець перад вачыма дабро супольнасці, душпастырства вернікаў, каб весці народ да Хрыста і Хрыста да народа... Калі мы занядбаем гэта, то будзем мець прыгожыя абрады, але без сілы, без смаку, без значэння, бо яны не будуць кранаць сэрца і жыццё Божага народа”, - сказаў Папа, дадаючы, што “цэлебрацыя, якая не евангелізуе, не з’яўляецца сапраўднай цэлебрацыяй”.
Пантыфік нагадаў, што ў першую чаргу самі душпастыры павінны быць прасякнуты духам і моцай літургіі. Ён заклікаў сваіх гасцей спрыяць літургічнай фармацыі святароў і семінарыстаў, параіў ствараць школы літургічнай фармацыі для міністрантаў, а таксама дапамагаць парафіям у належнай арганізацыі літургіі, прапануючы такія формы яе цэлебрацыі, якія будзе магчыма засвоіць. “Маўчаць перад абліччам неахайнай, занядбанай, дрэнна падрыхтаванай літургіі азначае не дапамагаць супольнасцям, не суправаджаць іх”, - сказаў Францішак.
Папа заклікаў таксама клапаціцца пра захаванне цішыні, асабліва перад цэлебрацыямі, каб дапамагчы асамблеі вернікаў і канцэлебрантам засяродзіцца на тым, што будзе здзяйсняцца. “Часта ў сакрыстыях шумна напярэдадні і пасля цэлебрацый, але цішыня адкрывае і рыхтуе нас да таямніцы, дапамагае засвоіць яе, дазваляе адгукнуцца ў нас рэху пачутага Слова. Братэрства, прывітанне адзін аднаго – гэта цудоўна, але менавіта сустрэча з Езусам надае сэнс нашай сустрэчы, нашаму быццю разам. Мы павінны нанава адкрыць для сябе цішыню і шанаваць яе!”, - параіў Пантыфік.
Напрыканцы прамовы Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць належнай падрыхтоўкі гамілій, агульны стан якіх назваў катастрафічным: яны доўгія і нагадваюць лекцыі па філасофіі. На думку Папы, у гаміліі, якую трэба рыхтаваць з малітвай, дастаткова абмежавацца адной думкай ці адным вобразам, каб вернікі маглі нешта ўзяць з яе з сабой дадому.