Пошук

Кніга "Бог заўсёды новы" Кніга "Бог заўсёды новы" 

Папа: Бэнэдыкт XVI паказваў заўсёды новую глыбіню хрысціянства

Занурыцца ў духоўныя думкі Ёзэфа Ратцынгера, які вывучаў тэалогію, стоячы на каленях, - заклікаў Францішак у прадмове да кнігі Бог заўсёды новы (Dio è sempre nuovo), якая 19 студзеня 2023 года выйшла ў Ватыканскім выдавецтве.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кніга ўяўляе сабой анталогію тэалагічных тэкстаў Бэнэдыкта XVI, прысвечаных тэме Бога, жыцця Езуса, веры, любові, малітве, моладзі, свабодзе і радасці. З старонак выдання “ззяе яго здольнасць паказваць заўсёды новую глыбіню хрысціянскай веры”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што Бэнэдыкт XVI адлюстроўвае прыгажосць хрысціянства, заклікаючы задумацца пра адносіны чалавека з Богам, любоў якога “асвятляе самыя цёмныя ночы” і які ніколі не пакідае нас саміх.

Бога трэба шукаць і слухаць, кажа Ёзэф Ратцынгер у гэтай кнізе, з якой гучыць таксама важны заклік: “Мы павінны дапамагчы Богу быць заўсёды па-новаму прысутным у нашых грамадствах. Мне здаецца, што гэта першая неабходнасць: каб Бог зноў прысутнічаў у нашым жыцці, каб мы не жылі так, быццам з’яўляемся аўтаномнымі, упаўнаважанымі вынаходзіць, што такое свабода і жыццё”.

“Глыбіня думкі Ёзафа Ратцынгера, якая грунтавалася на Святым Пісанні і Айцах Касцёла, дапамагае нам і сёння”, - зазначыў Францішак у сваёй прадмове, жадаючы чытачам “знайсці на гэтых старонках, прасякнутых руплівым і лагодным голасам настаўніка веры і надзеі, ласку новай і жыццядайнай сустрэчы з Езусам”.

19 студзеня 2023, 11:09