Папа памаліўся перад іконай Маці Божай Жыровіцкай
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Не будзем забываць пра змучаную Украіну, якая заўсёды ў нашых сэрцах; выкажам гэтаму народу, які перажывае жорсткія пакуты, нашу любоў, нашу блізкасць і нашу малітву. А зараз я правяду некалькі хвілін у цішыні, молячыся за гэту дарагую краіну і за мір, перад іконай Багародзіцы Народа, якая ўшаноўваецца ў Беларусі. Запрашаю вас духоўна далучыцца да маёй малітвы”, - сказаў Папа.
Затым Францішак падышоў да іконы Маці Божай Жыровіцкай, якую беларускія грэка-католікі ўшаноўваюць як Валадарку Беларускага Народа. Ікона дарагая таксама ўкраінскім вернікам. Яе копія-фрэска знаходзіцца ў рымскім касцёле святога Сяргея і Вакха, кафедральным саборы Апостальскага экзархата для ўкраінскіх грэка-католікаў у Італіі.