Пошук

Cвятая Імша ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана Cвятая Імша ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана  (Vatican Media)

Францішак: нават самыя цёмныя ночы асвятляе зорка Езуса

Калі, як у евангельскіх мудрацоў, дапытлівасць не згасне ў нас, калі мы не спынімся на шляху, саступаючы апатыі або камфорту, калі, сустрэўшы Пана, мы са здзіўленнем паклонімся Яму, то пераканаемся, што нават самыя цёмныя ночы асвятляе зорка Езуса, - сказаў Папа падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як узыходзячая зорка, Езус прыйшоў, каб асвяціць усе народы і цёмныя ночы чалавецтва. Разам з мудрацамі, уздымаючы позірк да неба, мы і сёння пытаемся: Дзе народжаны? (Мц 2,2). Дзе тое месца, у якім мы можам знайсці і сустрэць Пана? - спытаў Францішак у гаміліі падчас ранішняй літургіі, якая прайшла 6 студзеня 2023 года ў ватыканскай базыліцы святога Пятра.

На думку Пантыфіка, пілігрымка ўсходніх мудрацоў дазваляе нам зразумець, што для таго, каб знайсці Пана, па-першае, неабходна дапытлівасць. Яны вучаць нас, што “вера – гэта не вынік нашых заслуг і тэарэтычных разважанняў, а дар Божы. Яго ласка дапамагае нам абудзіцца ад апатыі і знайсці месца для важных жыццёвых пытанняў, якія падвяргаюць сумневу тое, што з намі ўсё ў парадку, і адкрываюць нам тое, што вышэй за нас.” У мудрацоў ёсць гэта дапытлівасць, неспакой тых, хто задаецца пытаннем. “Адчуваючы вострую настальгію па бясконцасці, яны ўглядаюцца ў неба і здзіўляюцца ззянню зоркі, тым самым здзейсняючы напружаны пошук трансцэндэнтнага, які характарызуе шлях цывілізацый і нашых сэрцаў. Гэтая зорка пакідае ў іх сэрцах пытанне: дзе народжаны?” - сказаў Францішак.

Шлях веры пачынаецца, калі мы вызваляем месца для дапытлівасці, задаемся пытаннямі, не здавольваемся спакоем нашых звычак, перастаем заставацца ў нейтральнай зоне камфорту і “вырашаем жыць у нязручнай прасторы жыцця, якая складаецца з адносін з іншымі людзьмі, сюрпрызаў, нечаканасцяў, планаў і праектаў, якія трэба ажыццявіць, з мараў, якія трэба здзейсняць, з страхаў, з якімі трэба сутыкнуцца, з пакут, якія адольваюць плоць”, - зазначыў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што “у гэтыя моманты ў нашым сэрцы ўздымаюцца тыя невымоўныя пытанні, якія вядуць нас да пошуку Бога: Дзе маё шчасце? Дзе тое поўнае жыццё, да якога я імкнуся? Дзе тая любоў, якая не мінае, не заходзіць, не канчаецца, нават нягледзячы на слабасці, няўдачы і здрады? Якія магчымасці хаваюць мае крызісы і пакуты?”

Францішак папярэдзіў, што “кожны дзень паветра, якім мы дыхаем, прапануе нам духоўныя транквілізатары, сурагаты, каб мы не задаваліся гэтымі пытаннямі: ад прадуктаў спажывання да прыемных спакус, ад відовішчных дэбатаў да ідалапаклонства дабрабыту. Усё, здаецца, кажа нам: не думай занадта шмат, атрымлівай асалоду ад жыцця! Мы часта стараемся пакласці наша сэрца ў сейф камфорту, але калі б так зрабілі мудрацы, яны б ніколі не сустрэлі Пана”, - звярнуў увагу Папа. - “Бог у нашых турботных пытаннях, Ён у цішыні, якая трывожыць нас, калі мы думаем пра смерць і канец кожнай чалавечай велічы. Ён у нашай патрэбе ў справядлівасці і любові. Ён – святая таямніца, якая адказвае на нашу тугу па нечаму зусім Іншаму, тугу па дасканалай справядлівасці, прымірэнню, міру.”

Паводле Францішка, другая рэч, неабходная нам для таго, каб сустрэць Пана – гэта рызыкоўны шлях. Пытанні могуць выклікаць у нас расчараванне, калі не накіруюць нас на шлях да Бога і прыгажосці Яго слова. Пантыфік узгадаў словы Бэнэдыкта XVI, які 6 студзеня 2013 года казаў, што “знешняя пілігрымка мудрацоў была выразам іх унутранага шляху, унутранай пілігрымкі іх сэрца". Сапраўды, мудрацы не спыняюцца, каб глядзець на неба і сузіраць святло зоркі, але адпраўляюцца ў рызыкоўнае падарожжа, якое загадзя не прадугледжвае бяспечных дарог і дакладных карт. Яны жадаюць даведацца, хто Кароль юдэйскі, дзе ён нарадзіўся, дзе яны могуць яго знайсці. Яны пытаюцца ў Ірада, які, у сваю чаргу, выклікае першасвятароў і кніжнікаў. Мудрацы ідуць па шляху: большасць дзеясловаў, якія апісваюць іх дзеянні - дзеясловы руху, - падкрэсліў Францішак.

Паводле Святога Айца, тое ж самае адбываецца і з нашай верай: “без пастаяннага шляху і пастаяннага дыялогу з Панам, без слухання Слова, без настойлівасці, яна не можа расці”. Недастаткова мець нейкае ўяўленне пра Бога і ведаць малітвы, якія супакойваюць сумленне, “трэба быць вучнямі Езуса і Евангелля, размаўляць з Ім аб усім у малітве, шукаць яго ў паўсядзённых сітуацыях і ў тварах братоў”. Ад Абрагама, які адправіўся ў падарожжа да невядомай зямлі, да мудрацоў, якія рухаюцца за зоркай, вера - гэта шлях, пілігрымка, падарожжа.

Папа падкрэсліў, што “вера не расце, калі яна застаецца статычнай, яе нельга абмежаваць мурамі касцёлаў, але мы павінны несці яе ў свет, жыць у пастаянным шляху да Бога і братоў”. Святы Айцец заклікаў вернікаў спытаць сябе: “Ці іду я да Пана жыцця, каб Ён стаў Панам майго жыцця? Езус, хто ты для мяне? Куды ты мяне клічаш, чаго ты жадаеш ад майго жыцця? Які выбар прапануеш мне зрабіць для іншых?”

Па-трэцяе, на думку Папы, для сустрэчы з Панам неабходна здзіўленне пакланення. Завяршыўшы доўгі шлях і карпатлівыя пошукі, мудрацы ўвайшлі ў дом, "убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго” і “пакланіліся Яму" (Мц 2, 11). “Гэта вырашальны момант: нашы клопаты, пытанні, духоўныя пошукі павінны выліцца ў глыбокую пашану да Пана. Там - крыніца, усё ідзе адтуль, таму што менавіта Пан абуджае ў нас пачуцці і дзеянні. Там усё нараджаецца і ўсё дасягае сваёй кульмінацыі, таму што мэта – не ў тым, каб атрымаць славу для сябе, а ў тым, каб сустрэць Бога і яго любоў, якая дае падставу нашай надзеі, якая вызваляе нас ад зла, дазваляе нам любіць іншых, робіць нас людзьмі, здольнымі будаваць больш справядлівы і братэрскі свет,” – сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “пастырства не мае ніякага значэння, калі ў цэнтр мы не ставім Езуса, пакланяючыся яму”. Так мы вучымся стаяць перад Богам не столькі для таго, каб прасіць аб чымсьці ці рабіць нешта, колькі для таго, каб моўчкі аддацца Яго любові, каб дазволіць сабе адрадзіцца ў Яго міласэрнасці. “Як мудрацы, давайце са здзіўленнем паклонімся Богу. Паклонімся Богу, а не нашаму я, паклонімся Богу, а не ілжывым ідалам, якія спакушаюць нас прэстыжам і ўладай, паклонімся Богу, каб не схіляцца перад рэчамі, якія мінаюць, перад спакуслівай, але пустой логікай зла,” – заклікаў Святы Айцец.

Калі дапытлівасць не згасне ў нас, калі мы не спынімся на нашым шляху, саступаючы апатыі або камфорту, калі, сустрэўшы Пана, мы здзіўлена пакланімся, то пераканаемся, што “нават самыя цёмныя ночы асвятляе зорка. Гэта зорка – Езус, зіхатлівая ранішняя зорка, сонца праўдзівасці, міласэрнае ззянне Бога, Які любіць кожнага чалавека і кожны народ на зямлі”, - сказаў напрыканцы гаміліі Францішак.

06 студзеня 2023, 10:56