Пошук

Папа падчас інтэрв'ю выданню Mundo Negro Папа падчас інтэрв'ю выданню Mundo Negro 

Святы Айцец: не прымаць бежанцаў – злачынства

Пра мару стаць місіянерам, павагу да культур, патрэбу ў дыялогу і адкрытасці на бежанцаў з афрыканскага кантынента, распавёў Папа ў інтэрв’ю выданню місіянераў-камбаніянаў Mundo Negro.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік прызнаўся, што хацеў стаць езуітам, каб адправіцца ў Японію ў якасці місіянера. Ён заўважыў, што заўсёды цікавіўся перыферыямі, прычым не толькі з інтэлектуальнага пункту гледжання. “Я гляджу на перыферыі знутры”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак выказаў сваё захапленне місіянерамі, здольнымі паважаць культуры, у якіх апынаюцца, і дапамагаць ім развівацца. Папа падкрэсліў, што каталіцкае місіянерства не азначае празелітызму, але павагу да культур, у якіх адбываецца прапаведванне Евангелля. “Каталіцтва – гэта не ўніфікацыі, а гармонія, гармонія адметнасцей”, - сказаў ён, дадаючы, што яна ствараецца дзякуючы Святому Духу.

Святы Айцец звярнуў увагу на патрэбу ў інкультурацыі Евангелля і дыялогу пры ажыццяўленні місіянерскай дзейнасці, бо “той, хто не ўмее весці дыялог, той не сталее, не расце і не будзе ў стане пакінуць нешта ў грамадстве”.

Папа крытычна выказаўся пра эксплуатацыю афрыканскага кантынента і яго рэсурсаў, якая адбываецца на працягу гісторыі, а таксама пра стварэнне бар’ераў з калючага дроту для бежанцаў з Афрыкі, якія ратуюцца ад беднасці і войнаў. Францішак назваў гэта злачынствам. Ён падкрэсліў, што некаторыя еўрапейскія краіны, якія перажываюць дэмаграфічны крызіс, маюць вострую патрэбу ў чалавечых рэсурсах, але “не ўмеюць кіраваць міграцыяй”. Такім чынам увесь цяжар прыёма бежанцаў кладзецца на тыя ж самыя краіны: Грэцыю, Кіпр, Італію, Іспанію і Мальта. У гэтым кантэксце Пантыфік заўважыў, што менавіта Італія часта расчыняе свае дзверы і ратуе тых, каго адрынула астатняя Еўропа.
 

14 студзеня 2023, 13:23