Пошук

Хворыя на лепру падвяргаюцца дыскрымінацыі па ўсім свеце Хворыя на лепру падвяргаюцца дыскрымінацыі па ўсім свеце 

Папа: не забываць пра людзей, якія пакутуюць на хваробу Хансена

Аднавіць прыхільнасць да стварэння інклюзіўнага грамадства, якое нікога не пакідае на абочыне, - заклікаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў II Сімпозіума па хваробе Хансена, які праходзіць 23-24 студзеня 2023 года ў Рыме.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Папа падзякаваў удзельнікам сімпозіума за дапамогу хворым на лепру, якія часта падвяргаюцца сацыяльнаму адчужэнню, параўнаўшы іх з Добрым Самаранінам, які “схіляецца, каб вылечыць слабых і аднавіць іх забытыя правы і годнасць”.

Сёлетні сімпозіум адбываецца праз некалькіх дзён пасля 70-га Сусветнага дня дапамогі хворым на лепру, абвешчаным у 1953 годзе Раулем Фалеро для таго, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да паталогіі, якую многія лічаць зніклай. “Cёння больш, чым тады, нас турбуе тое, што можна забыць не толькі пра хваробу, але і пра людзей”, - гаворыцца ў пасланні Святога Айца.

Папа нагадаў, што лепра, вядомая таксама як хвароба Хансена, згадваецца ў Бібліі і з'яўляецца адной з найстарэйшых хвароб у гісторыі чалавецтва. З лепрай атаясамліваецца стыгматызацыя, якая “працягвае прыводзіць да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў розных кутках свету”. “Пры ўсіх шматлікіх дасягненнях, мы ўсё яшчэ застаемся непісьменнымі, калі гаворка ідзе пра суправаджэнне, клопат і падтрымку найбольш слабых і найбольш уразлівых членаў нашага развітага грамадства. Мы прызвычаіліся адводзіць позірк, праходзіць міма, ігнараваць сітуацыі, калі толькі яны не закранаюць нас непасрэдна.” (Fratelli tutti, 64).

Францішак заклікаў “не забывацца пра нашых братоў і сясцёр”: “Мы не павінны ігнараваць хваробу, ад якой, на жаль, усё яшчэ пакутуюць многія людзі, асабліва тыя, хто жыве ў цяжкіх сацыяльных умовах.” “Наадварот, пераканаўшыся ў пакліканні чалавечай сям'і да братэрства, давайце паразважаем і спытаемся: Ці схіляемся мы, каб дакрануцца і перавязаць раны іншых? Ці схіляемся, каб узяць адзін аднаго на плечы? Гэта сённяшні выклік, якога не трэба баяцца", - заклікаў Пантыфік.

На думку Папы, неабходна скарыстацца Сусветным днём дапамогі хворым на лепру для таго, каб “перагледзець нашы мадэлі развіцця, а таксама асудзіць і паспрабаваць выправіць дыскрымінацыю, якую яны выклікаюць”. “Гэта спрыяльная магчымасць для таго, каб аднавіць нашу прыхільнасць да стварэння інклюзіўнага грамадства, якое нікога не пакідае на абочыне,” - гаворыцца ў пасланні.

Мы павінны спытаць сябе, як лепш за ўсё супрацоўнічаць з людзьмі, якія пакутуюць на лепру, ставіцца да іх як да людзей, прызнаваць іх галоўнымі дзеючымі асобамі ў барацьбе за фундаментальныя правы чалавека, а таксама паўнапраўнымі членамі супольнасці, - лічыць Папа.

Францішак выказаў спадзяванне на тое, што сімпозіум дапаможа “абмеркаваць крокі, якія могуць быць прыняты для далейшага спрыяння павазе да чалавечай годнасці”. Ён заклікаў працягваць працаваць дзеля таго, каб хворыя не адчувалі недахопу ў духоўнай падтрымцы і медыцынскай дапамозе.

Напрыканцы паслання Святы Айцец выказаў сваю блізкасць да тых, хто пакутуе ад хваробы Хансена, благаславіў і даручыў іх заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і шматлікіх святых.

23 студзеня 2023, 10:38