Папа патлумачыў свае словы пра гомасексуалізм і грэх
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У нядаўнім інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Associated Press Святы Айцец сказаў, што гомасексуалізм – гэта не злачынства, а яго крыміналізацыя з’яўляецца несправядлівай. У той жа час ён заўважыў, што гомасексуалізм – гэта грэх. Амерыканскі езуіт папрасіў удакладніць гэтыя словы.
“Калі я сказаў, што гэта грэх, я проста меў на ўвазе каталіцкае маральнае вучэнне, якое кажа, што кожны палавы акт па-за сужэнствам з’яўляецца грахом”, - напісаў Францішак.
Пантыфік пацвердзіў, што лічыць несправядлівай крыміналізацыю гомасексуалізма, а таксама прызнаў, што падчас інтэрв’ю мог бы выказацца больш ясна. Ён заўважыў, што карыстаўся “натуральнай, гутарковай мовай”, якая не патрабуе дакладных вызначэнняў.
“Я павінен быў сказаць: “Гэта грэх, як кожны палавы акт па-за сужэнствам", - адзначыў Папа, нагадваючы, што гаворачы пра грэх “трэба ўлічваць таксама абставіны, якія памяншаюць ці здымаюць віну”. “Мы добра ведаем, што каталіцкая мараль, акрамя матэрыі, ацэньвае таксама свабоду, намер; і гэта датычыць кожнага віду граху”, - напісаў у сваім кароткім лісце Францішак, запэўніваючы амерыканскага святара ў сваёй малітве.