Пошук

Францішак падчас Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян Францішак падчас Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа перасцярог ад абыякавага неразумення і святатацкага насілля

Бог, голасам прарока Ісаі, папярэджвае нас і заклікае да перамены, сказаў Папа падчас малітвы Нешпараў з нагоды завяршэння Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян, якія ўзначаліў 25 студзеня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да прадстаўнікоў хрысціянскіх супольнасцей, якія сабраліся ў рымскай базыліцы святога Паўла за мурамі, Пантыфік нагадаў, што ў часы прарока Ісаі была распаўсюджана тэндэнцыя лічыць благаслаўлёнымі Богам багатых і тых, хто рабіў вялікія ахвяраванні, а таксама пагарджаць беднымі. Ён падкрэсліў, што на самой справе тут гаворка ідзе пра поўнае неразуменне Бога.

“Бог пакутуе, калі мы, называючы сябе вернымі Яму, ставім сваё бачанне перад Ягоным, кіруемся зямнымі суджэннямі, а не нябеснымі, задавольваючыся знешнімі рытуаламі і застаючыся абыякавымі да тых, пра каго Ён найбольш клапоціцца. Таму Бог, можна сказаць, смуткуе з прычыны нашага абыякавага неразумення”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу, на іншую перасцярогу: святатацкае насілле. “Пан раздражнёны гвалтам, які здзяйсняецца ў дачыненні да храма Божага, якім з'яўляецца чалавек, у той час як Яго ўшаноўваюць у храмах, пабудаваных чалавекам!” – сказаў Папа, дадаўшы: “Мы можам уявіць сабе, з якімі пакутамі Ён глядзіць на войны і гвалтоўныя дзеянні, учыненыя тымі, хто вызнае сябе хрысціянінам”.

“Усё яшчэ ёсць тыя людзі, якія лічаць, што вера заахвочвае або, прынамсі, дазваляе ім падтрымліваць розныя формы закрытага ці гвалтоўнага нацыяналізму, ксенафобіі, пагарды і жорсткага абыходжання з тымі, хто адрозніваецца ад іх,” - зазначыў Папа, дадаўшы, што “вера разам з гуманізмам, які яе натхняе, павінна падтрымліваць крытычны розум сярод гэтых тэндэнцый і дапамагаць хутка рэагаваць, калі яны пачынаюць пранікаць у яе”. (Fratelli tutti, 86)

Перад абліччам розных форм пагарды і расізму, перад тварам абыякавага неразумення і святатацкага насілля Слова Божае заклікае нас вучыцца рабіць дабро, шукаць справядлівасці (Іс 1, 17). Недастаткова асуджаць зло, трэба адмовіцца ад яго, перайсці ад зла на бок дабра,” – заклікаў Папа.

“Мы не здольныя вызваліцца самі ад нашага неразумення Бога і ад насілля, якое захоўваем унутры. Без Бога, без Яго ласкі, мы не зможам вылечыцца ад нашага граху. Яго ласка – крыніца нашых перамен”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў “адкрыцца разам на гэтую змену перспектывы”. “Давайце не будзем забываць, што сумесны шлях і прызнанне адзін аднаго з адным у Духу Святым прыводзіць да перамен, да росту, які можа адбыцца толькі, як пісаў Бэнэдыкт XVI, зыходзячы “з інтымнай сустрэчы з Богам, менавіта тады я вучуся глядзець на іншую асобу не толькі маімі вачыма і праз мае пачуцці, але таксама з перспектывы Езуса Хрыста”. (Deus caritas est, 18).

Францішак папрасіў апостала Паўла дапамагчы хрысціянам змяніцца: “Хай ён дасць нам трохі сваёй неўтаймаванай мужнасці”, і пажадаў усім Божай ласкі, каб змяняцца і расці ў малітве, служэнні, дыялогу і супольнай працы над тым поўным адзінствам, якога жадае Хрыстос.

25 студзеня 2023, 18:29