Папа: проціяддзе ад страху – блізкасць да людзей
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік распавёў аб сваіх думках, страхах і адчуваннях, якія ён зазнаў за гады пантыфікату, а таксама паразважаў над такімі тэмамі, як прыняцце мігрантаў і гомасексуалістаў.
“Бог – гэта Бацька, ён не адмаўляецца ні ад каго са сваіх дзяцей. Стыль Бога – гэта блізкасць, міласэрнасць і пяшчота. Не прысуд ці маргіналізацыя. Бог набліжаецца з любоўю да кожнага з сваіх дзяцей, да ўсіх і кожнага з іх. Яго сэрца адкрыта для ўсіх і кожнага. Ён – Бацька. Любоў не падзяляе, а аб'ядноўвае", - спыніўся на тэме адносін да гомасексуальных асоб Францішак.
Папа таксама звярнуўся да блізкай яму праблемы мігрантаў, якіх, па яго словах, часта выкарыстоўваюць як сродак для таго, “каб напалохаць людзей”, прымусіць іх паверыць у тое, што нашы праблемы ўзнікаюць з прычыны чужаземцаў. Насамрэч, нашы праблемы "узнікаюць з прычыны адсутнасці высокіх каштоўнасцей, дэзарганізаванага ладу жыцця ў нашых дамах і гарадах, з прычыны адсутнасці веры, што аддаляе нас адно ад аднаго і перашкаджае братэрству".
Акрамя таго, Францішак зноў запрасіў людзей весці “экалагічны лад жыцця, каб захаваць спадчыну Стварэння і абараніць жыццё тых, хто жыве на планеце”. “Наша Зямля хворая, з ёй дрэнна абыходзяцца, яе разрабоўваюць”, - сказаў ён.
Доўгае разважанне прысвечана цэнтральнай тэме кнігі – страху. На думку Пантыфіка, празмерны страх “прычыняе нам боль, аслабляе, памяншае і паралізуе нас. Настолькі, што чалавек, заняволены страхам, не рухаецца, не ведае, што рабіць: ён баіцца, засяроджваецца на сабе ў чаканні чагосьці дрэннага.” Такім чынам, страх паралізуе. “Празмерны страх, насамрэч, не хрысціянскае стаўленне, але, можна сказаць, гэта стаўленне зняволенай душы, душы, якая жыве без свабоды, неабходнай для таго, каб глядзець наперад, ствараць, рабіць дабро”.
Не хрысціянскай рысай з'яўляецца таксама і крывадушнасць, - дадаў Святы Айцец. “Гэта страх перад ісцінай”, які існуе таксама і ў Касцёле. Мы ніколі не павінны забывацца на словы Пана: “Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога”.
Затым ад разважанняў Папа перайшоў да ўспамінаў, узгадаўшы дзень свайго абрання, той “адкрыты і просты” спосаб прывітаць свет, які, на думку псіхолага, “заваяваў сэрцы многіх”. “Я не чакаў, што мяне абяруць, але ніколі не губляў спакою, я адчуваў мір і спакой, нават тады, калі трэба было рабіць выбар, напрыклад, я не хацеў апранаць нічога, акрамя белай сутаны”.
“Я вырашыў жыць у Доме святой Марты, а не ў папскіх апартаментах у Апостальскім палацы, таму што, як вы разумееце, мне неабходна сустракацца з людзьмі, размаўляць, і тут я адчуваю сябе вальней”. “Тут я п'ю каву, якую вараць у звычайнай кававарцы, ем разам з іншымі ў сталовай, кожны дзень цэлебрую Імшу і жартую са швейцарскімі гвардзейцамі.
“Блізкасць да людзей, магчымасць размаўляць, рабіць нешта разам з'яўляюцца сапраўдным проціяддзем ад страху”, - лічыць Францішак. Часта ізаляцыя, адсутнасць дапамогі “могуць прывесці да крызісаў, якія ператвараюцца ў псіхічныя захворванні”. Папа прызнаўся ў тым, што ведае “шмат людзей, якія адчуваюць сябе самотнымі і жудасна далёкімі ад дома”. “Адзінота - сапраўднае зло нашага грамадства. Усе звязаныя мабільнымі тэлефонамі, але самотныя ў рэальнасці”, - пашкадаваў Папа.
Напрыканцы гутаркі Францішак выказаў упэўненасць у будучыні: “Езус заўсёды побач з намі”. Ён заахвоціў вернікаў “жыць з любоўю, даверыцца Айцу”. І яшчэ раз заклікаў святароў праяўляць “міласэрнасць, мужнасць і адчыніць дзверы”.
Паводле яго, адна з самых вялікіх праблем Касцёла – гэта кар’ерызм святароў і свецкасць. “Вернікі павінны бачыць, што мы такія ж, як яны, што ў нас такія ж страхі і жаданне жыць у ласцы Божай. Набліжаць вернікаў і няверуючых, гаварыць з адкрытым сэрцам. Вось што мы ўсе павінны рабіць", - перакананы Папа.