Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з прадстаўнікамі Усеўкраінскай рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый Папа падчас аўдыенцыі з прадстаўнікамі Усеўкраінскай рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый  (Vatican Media)

Папа прыняў Усеўкраінскую раду Цэркваў і рэлігійных арганізацый

25 студзеня 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў Усеўкраінскай рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый, якія знаходзяцца ў Рыме з нагоды Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пантыфік уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой падзякаваў Богу за сустрэчу, нагадаўшы, што “украінскі народ заўсёды прысутнічае ў яго малітвах на працягу гэтых месяцаў”. Ён запэўніў гасцей у сваёй падтрымцы і блізкасці да сем'яў, дзяцей, старых, хворых і найбольш уразлівых.

“Я разам з вамі ў абароне правоў вернікаў усіх рэлігійных супольнасцей, асабліва тых, хто спазнае крыўду і пераслед. Я разам з вамі ў намаганнях на карысць вязняў і зняволеных па палітычных матывах. Я падтрымліваю вашы намаганні, накіраваныя на аднаўленне павагі, з боку ўсіх, да прынцыпаў і нормаў міжнароднага права і асноўных правоў чалавека”, - гаворыцца ў прамове Святога Айца.

“Лічу Божай ласкай тое, што ўсе гэтыя ініцыятывы вы прымаеце і рэалізуеце разам, як браты. Гэта з'яўляецца канкрэтным сведчаннем аб міры ў краіне, якая пакутуе ад вайны. Вашы настойлівыя і мужныя дзеянні эфектыўна рыхтуюць заўтрашні дзень, мірны дзень, у якім эканамічныя і палітычныя інтарэсы, што спараджаюць вайну, нарэшце саступяць месца агульнаму дабру народаў,” - падкрэсліў Пантыфік.

Пасля ўручэння тэксту прамовы, Францішак звярнуўся да ўкраінскай дэлегацыі са спантаннымі словамі: “Я побач з вамі і рэгулярна атрымліваю пасланні ад прэзідэнта Зяленскага. Дыялог з прадстаўнікамі ўкраінскага народа дазваляе мне адчуваць блізкасць да вас і маліцца за вас”.

Ён падзякаваў сваім гасцям за адзінства, параўнаўшы іх з сям'ёй, у якой дзеці раз'ехаліся ў розныя месцы, але, “калі захварэла маці, усе аб'ядналіся”. “Гэта тычыцца не толькі яўрэйскай Украіны, хрысціянскай Украіны, праваслаўнай Украіны, каталіцкай Украіны, ісламскай Украіны..., не, гэта тычыцца Украіны, Маці Украіны, і ўсе аб'ядналіся!” – заўважыў Папа.

Францішак згадаў, як у дзяцінстве, ва ўзросце 11 гадоў, ён дапамагаў аднаму святару, айцу Стэфану, служыць Літургію на ўкраінскай мове, менавіта тады нарадзілася яго “сімпатыя да Украіны”. “Гэта старая сімпатыя, якая ўзмацнілася, і гэта набліжае мяне да вас. Не сумнявайцеся, я малюся за вас! Я нашу вас у сэрцы і прашу Бога аб літасці да гэтага мужнага народа”, - запэўніў Папа.

25 студзеня 2023, 11:21