Пошук

Папа з членамі журы Прэміі Заіда за чалавечае братэрства Папа з членамі журы Прэміі Заіда за чалавечае братэрства  (Vatican Media)

Папа сустрэўся з журы Прэміі Заіда за чалавечае братэрства

3 студзеня 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане шэсць членаў журы Прэміі Заіда за чалавечае братэрства. На сустрэчы абмяркоўвалася значэнне прэміі ў спрыянні братэрству на глабальным узроўні, у тым ліку ў абароне правоў жанчын.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Звяртаючыся да членаў журы, Францішак сказаў: "Ваша праца важная для прасоўвання ідэі чалавечага братэрства" і заклікаў іх унесці свой уклад у абарону правоў жанчын, паколькі яны “часта застаюцца на паперы, але не рэалізуюцца на практыцы".

Святы Айцец узгадаў таксама крызіс на Гаіці, заклікаўшы міжнародную супольнасць падтрымаць гэтую краіну. Гаіцянская арганізацыя Фонд ведаў і свабоды была ўзнагароджана Прэміяй Заіда за чалавечае братэрства ў 2022 годзе.

Са свайго боку, члены журы выказалі сваю ўдзячнасць Францішку за гістарычны дакумент аб чалавечым братэрстве, падпісаны ім сумесна з імам Аль-Азхара Ахмадам Аль-Таебам ў 2019 годзе. Удзельнікі падзяліліся тым, што ўсе яны ў сваіх адпаведных сферах прытрымліваюцца прынцыпаў гэтага дакументу, а таксама кіруюцца яго каштоўнасцямі падчас адбору лаўрэатаў прэміі.

Прэмія Заіда за чалавечае братэрства (Zayed Award for Human Fraternity) - гэта штогадовая незалежная міжнародная ўзнагарода, якая прысуджаецца людзям і арганізацыям, якія ахвярна і нястомна працуюць дзеля таго, каб, пераадольваючы рознагалоссі, умацоўваць чалавечыя сувязі і спрыяць мірнаму суіснаванню.

Прэмія была названая ў гонар шэйха Заіда бэн Султана аль-Нахаяна, першага кіраўніка ААЭ, вядомага сваім гуманізмам і адданасцю справе дапамогі людзям незалежна ад іх паходжання. Яна была заснаваная ў 2019 годзе ў выніку сустрэчы ў Абу-Дабі Францішка з Вялікім імам Аль-Азхара Ахмадам Аль-Таебам і падпісання імі Дэкларацыі аб агульначалавечым братэрстве.

У мінулым лаўрэатамі прэміі былі Францішак і імам Аль-Таеб, Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і французская актывістка мараканскага паходжання Лаціфа ібн Зіатэн, кароль Іарданіі Абдала ІІ ібн Хусейн і каралева Ранія аль-Абдала, а таксама гаіцянская праваабарончая арганізацыя Фонд ведаў і свабоды.

Лаўрэатаў прэміі за 2023 год абвесцяць праз месяц, у лютым 2023 года. У падтрымку іх намаганняў на карысць чалавечага братэрства будзе прысуджаны 1 мільён долараў ЗША.

10 студзеня 2023, 13:28