Пошук

Папа са спецыялістамі ў галіне медыцынскай радыялогіі, рэабілітацыі і прафілактыкі Папа са спецыялістамі ў галіне медыцынскай радыялогіі, рэабілітацыі і прафілактыкі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа заклікаў медработнікаў абапірацца на этычныя каштоўнасці

16 студзеня 2023 года Францішак сустрэўся са спецыялістамі ў галіне медыцынскай радыялогіі, рэабілітацыі і прафілактыкі. “Сваім служэннем вы дапамагаеце падымаць аслаблых і вяртаць іх грамадству, памятаючы, што ў першую чаргу яны – людзі”, - сказаў Папа.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік скарыстаўся магчымасцю, каб выказаць сваю блізкасць і ўдзячнасць “тысячам медыцынскіх работнікаў” за іх штодзённую працу, “за намаганні і адданасць справе”. За апошнія тры гады медыкі перажылі асаблівы досвед, які цяжка ўявіць: досвед пандэміі. Без іх намаганняў многія хворыя не атрымалі б медыцынскай дапамогіі, - адзначыў Папа, дадаўшы, што пачуццё абавязку і сіла любові дазволілі ім паставіць сваю працу на службу бліжняму, нават коштам рызыкі для ўласнага здароўя.

Святы Айцец нагадаў, што 11 лютага 2023 года будзе адзначацца 31-ы Сусветны дзень хворага, які заўсёды дае падставу для разважання аб досведзе хваробы. Сёння гэта неабходна рабіць, таму што культура адчужэння падштурхоўвае да адмаўлення хваробы: “Для кволасці няма месца,” - сказаў Францішак, дадаўшы, што “ад хворых адмаўляюцца, каб не адчуваць цяжару адносна іх. Так пачынаецца адзінота.”

Процілеглым чынам, на думку Папы, дзейнічае культура клопату, якую ўвасабляе Добры Самаранін (Лк 10, 25-37). Ён не адводзіць погляду, са спачуваннем і клопатам падыходзіць да параненага чалавека, якога іншыя праігнаравалі. “Прыпавесць паказвае нам, якія ініцыятывы могуць адбудаваць супольнасць, пачаўшы ад мужчын і жанчын, якія атаясамліваюць сябе са слабасцю іншых, якія не дазваляюць будаваць грамадства адчужэння, але становяцца бліжнімі і падымаюць аслаблых і вяртаюць іх грамадству дзеля агульнага дабра” (Fratelli tutti, 67), - зазначыў Святы Айцец.

Папа нагадаў сваім гасцям, што іх прафесія патрабуе маральнага выбару, выбару каштоўнасцей. “Хворыя – гэта людзі, якія маюць патрэбу ў клопаце, жадаюць адчуць, што пра іх клапоцяцца, і таму важна ставіцца да іх з чалавечнасцю і спачуваннем”, - адзначыў Францішак.

Але, як падкрэсліў Папа, медыцынскія работнікі таксама людзі, таму хтосьці павінен клапаціцца пра ўмовы іх працы, каб права на ахову здароўя было гарантавана ўсім. “Здароўе - гэта не раскоша!” – сказаў Пантыфік, дадаўшы, што “свет, які адмаўляецца ад хворых, які не дапамагае тым, хто не можа дазволіць сабе лячэнне, цынічны і не мае будучыні”.

Святы Айцец заклікаў медработнікаў заўсёды абапірацца на этычныя каштоўнасці, якія, разам з навуковымі ведамі і навыкамі, дазволяць ім найлепшым чынам клапаціцца аб давераных ім людзях.

Напрыканцы аўдыенцыі Папа даверыў медыкаў матчынаму заступніцтву Панны Марыі, “клапатлівай жанчыны, якая спяшаецца дапамагчы сваёй сваячцы Альжбеце”.

16 студзеня 2023, 11:11