Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пасланне Святога Айца на 97-ы Сусветны дзень місій

“Кожны можа ўнесці свой асабісты ўклад у місіянерскі рух”, - гаворыцца ў абнародаваным 25 студзеня 2023 года пасланні Францішка на 97-ы Сусветны дзень місій, які сёлета будзе адзначацца 22 кастрычніка. Яго тэма: Гарачыя сэрцы, ногі на шляху.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Тэма Сусветнага дня заснавана на евангельскім апавяданні пра сустрэчу на дарозе ў Эмаус (Лк 24, 13-35). Сустрэча з Хрыстом запаліла ў збянтэжаных і расчараваных вучнях жаданне вярнуцца ў Іерусалім і абвясціць аб уваскрасенні Пана. Пра ператварэнне, якое адбылося з апосталамі, евангельскі ўрывак распавядае нам з дапамогай трох яскравых вобразаў.

Па-першае, гаворка ідзе пра іх гарачыя сэрцы, распаленыя Святым Пісаннем. Вяртаючыся з Іерусаліма ў Эмаус, вучні былі засмучаныя смерццю Езуса, аднак “Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі” (Лк 24, 15). “Па сваёй вялікай міласці ён не стамляецца быць з намі, нягледзячы на нашы недахопы, сумненні, слабасці, нягледзячы на тое, што роспач і песімізм робяць нас малавернымі, неразумнымі і маруднымі сэрцам (Лк 24, 25)”, - гаворыцца ў пасланні Папы. - Місія несці добрую навіну належыць Хрысту, а мы проста Яго пакорлівыя супрацоўнікі, “нікчэмныя слугі” (Лк 17, 10).

Святы Айцец выказаў сваю духоўную блізкасць да ўсіх місіянераў у свеце, асабліва да тых, хто перажывае цяжкія часы: уваскрослы Пан заўсёды з імі, Ён бачыць іх шчодрасць і ахвяраванне дзеля распаўсюджвання Евангелля ў далёкіх кутках свету. “Не ўсе дні нашага жыцця напоўнены сонечным святлом, але будзем заўсёды памятаць словы Езуса: “У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет.” (Ян 16, 33)

Папа нагадаў, што, выслухаўшы вучняў, уваскрослы Езус, “пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго” (Лк 24, 27). Менавіта тады сэрцы вучняў пачынаюць палаць, бо Езус – гэта жывое слова, якое можа запаліць і змяніць сэрца. Без Пана немагчыма глыбока зразумець Святое Пісанне, роўна як без Святога Пісання застаецца незразумелай місія Хрыста і Яго Касцёла ў свеце. Таму веданне Бібліі вельмі важна для жыцця хрысціяніна, тым больш для тых, хто абвяшчае Пана і Яго Евангелле. Хіба халоднае сэрца можа прымусіць палаць іншыя сэрцы? - запытаў у пасланні Святы Айцец, выказаўшы пажаданне, каб нас заўсёды суправаджаў уваскрослы Пан, тлумачачы сэнс Святога Пісання.

Другім яскравым вобразам евангельскага апавядання, на думку Папы, з'яўляюцца адкрытыя вочы вучняў, калі яны пазналі Яго за сталом. Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Ён сам стаў хлебам, падзеленым з вучнямі, увайшоў у іх сэрцы, прымушаючы іх палаць яшчэ мацней і зноў адправіцца ў шлях, каб падзяліцца з усімі ўнікальным досведам сустрэчы з уваскрослым Панам. Таму кожны місіянер закліканы стаць, падобна Езусу, “тым, хто ламае хлеб дзеля міру”, - падкрэсліў Папа.

Нават простае ламанне звычайнага хлеба разам з галоднымі ўжо з'яўляецца місіянерскім актам хрысціяніна, - лічыць Святы Айцец. Тым больш гэта тычыцца эўхарыстычнага хлеба, бо Эўхарыстыя – гэта крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла. Каб прыносіць багаты плён, неабходна знаходзіцца ў адзінстве з Езусам (Ян 15, 4-9) у штодзённай малітве і глыбокай пашане да Эўхарыстыі.

Па-трэцяе, адзначыў Папа, ногі місіянера знаходзяцца на шляху, і ў гэтым – “вечная маладосць Касцёла, які заўсёды выходзіць у свет”. Вучні пазналі Езуса падчас ламання хлеба і “у тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем” (Лк 24, 33), каб падзяліцца з іншымі радасцю сустрэчы з Панам.

Вобраз ног на шляху, на думку Папы, нагадвае аб missio ad gentes, даручанай Касцёлу Панам, місіі абвяшчаць Евангелле кожнаму чалавеку і народу на зямлі. Сённяшняе чалавецтва, параненае несправядлівасцю, падзеламі і войнамі, мае патрэбу ў добрай навіне. Кожны чалавек мае права на Евангелле, і хрысціяне абавязаны абвяшчаць яго, нікога не выключаючы, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што “кожны можа ўнесці свой асабісты ўклад у місіянерскі рух: малітвай і дзеяннем, грашовымі ахвяраваннямі, сведчаннем”. Гэта самая важная мэта Сінадальнага шляху, па якім ідзе Касцёл.

Напрыканцы паслання Францішак пажадаў вернікам выправіцца ў шлях з гарачымі сэрцамі і адкрытымі вачыма, “каб распальваць сэрцы Словам Божым, адкрываць вочы на Езуса і запрашаць усіх ісці разам па шляху міру і збаўлення, які Бог падарыў чалавецтву”.

25 студзеня 2023, 13:40