Пошук

Святы Айцец сустрэўся з італьянскімі філантропамі

Пантыфік прыняў 26 студзеня 2023 года ў Ватыкане чальцоў Італьянскай асацыяцыі філантрапічных фондаў і арганізацый (ASSIFERO), якая адзначае сёлета дваццацігоддзе сваёй дзейнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Структура аб'ядноўвае шматлікія прыватныя фонды, якія ў Італіі і за мяжой працуюць у розных сферах, але заўсёды на карысць чалавечай асобы і развіцця здаровых і салідарных сацыяльных і эканамічных мадэляў. Прычым яе чальцы выводзяцца з розных слаёў грамадства, краін і хрысціянскіх канфесій.

Францішак парэкамендаваў сваім гасцям звярнуць асаблівую ўвагу ў сваіх праграмах на тры важныя каштоўнасці, першая з якіх – спрыянне інтэгральнаму развіццю чалавека ў яго фундаментальным вымярэнні: матэрыяльным, інтэлектуальным, маральным і духоўным; другая – уменне слухаць мясцовыя супольнасці, паколькі “пакорлівасць слухання (...) з'яўляецца фундаментальным элементам дзейнасці на карысць агульнага дабра, тым больш, калі гэта дазваляе быць выразнікам патрэб самых слабых”; трэцяя – блізкасць да апошніх у грамадстве, бо “знаходжанне побач з найменшымі, схіліўшыся над іх ранамі, прымаючы на сябе адказнасць за іх патрэбы, закладвае добрыя асновы для пабудовы згуртаваных і цвёрдых супольнасцей дзеля лепшага свету і мірнай будучыні”.

“Віншую вас з той працай, якую вы здзейснілі за апошнія гады, і з падыходам, які мае відавочна хрысціянскае натхненне”, - звярнуўся Папа да італьянскіх філантропаў.
 

26 студзеня 2023, 12:22