Святы Айцец запрасіў асоб з інваліднасцю жыць са знакам “плюс”
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Гэта італьянская асацыяцыя абараняе правы асоб, якія атрымалі інваліднасць на ваеннай або грамадзянскай службе.
Францішак заўважыў, што “ператварэнне адмоўнага ў пазітыўнае з’яўляецца адным з істотных аспектаў таямніцы Езуса Хрыста”. “Зло, якое Яму прыйшлося цярпець, якое завяршылася Яго мукай і смерцю на крыжы, Ён перамяніў у ахвяру збаўлення для нас. Ён зрабіў гэта дзякуючы любові свайго Айца, багатай бясконцай міласэрнасцю. Так ён перамяніў зло ў дабро, нянавісць у любоў, гвалт у аздараўленне”, - адзначыў Пантыфік, запрашаючы сваіх гасцей у гэтым шукаць натхненне для пераасэнсавання сваёй немачы.
Святы Айцец падзякаваў чальцам Нацыянальнага саюза за іх намаганні на карысць міру. “Я ведаю, што для некаторых з вас прычына інваліднасці звязана менавіта з выкананнем міратворчай місіі або службай па абароне грамадскага парадку і законнасці. У штодзённым жыцці мы павінны спрабаваць вырашаць канфлікты, пазбягаючы насілля і прыгнёту. А гэта няпроста! Бо часам дастаткова аднаго слова, каб параніць ці забіць брата ці сястру”, - заўважыў ён.
“Няхай Пан дасць вам сілы дапамагчы многім людзям паставіць знак “плюс” перад іх цяжкім станам”, - пажадаў Францішак на развітанне.