Папа: быць місіянерамі чалавечай годнасці для ахвяр гандлю людзьмі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Гандаль людзьмі знявечвае годнасць. Эксплуатацыя і падпарадкаванне абмяжоўваюць свабоду і робяць людзей аб’ектамі, якія можна выкарыстаць і выкінуць. І сістэма гандлю людзьмі карыстаецца несправядлівасцю і няроўнасцю, якія вымушаюць мільёны людзей жыць ва ўмовах уразлівасці”, - зазначыў у сваім відэапасланні Францішак.
Святы Айцец падкрэсліў, што эканамічны крызіс, войны, кліматычныя змены і нестабільнасць, на жаль, садзейнічаюць росту феномену гандлю людзьмі з трывожнай хуткасцю. “Мы ведаем, што жывём у цяжкі час, але менавіта ў гэтай рэчаіснасці ўсе мы, асабліва моладзь, пакліканы аб’яднаць намаганні, каб плесці сеткі дабра, распаўсюджваць святло, якое паходзіць ад Хрыста і Яго Евангелля”, - заўважыў ён.
Пантыфік заклікаў юнакоў і дзяўчат, якія прымаюць удзел у барацьбе з гандлем людзьмі, заставацца “місіянерамі чалавечай годнасці” і быць “благаслаўленнем для іншых маладых людзей”. “Ніколі не стамляйцеся шукаць спосабы пераўтварэння нашых грамадстваў і прадухілення гэтага ганебнага бедства гандлю людзьмі”, - сказаў Папа.
Францішак заахвоціў моладзь распазнаваць працэсы, якія прыводзяць мільёны людзей, асабліва маладых, да гандляроў людзьмі і жорсткай эксплуатацыі; адкрываць для сябе і падтрымліваць штодзённыя шляхі да свабоды і годнасці; прасоўваць дзеянні па барацьбе з гандлем людзьмі; падтрымліваць адзін аднаго і будаваць культуру сустрэчы, якая вядзе да навяртання сэрцаў і да інклюзіўных грамадстваў, здольных абараняць правы і годнасць кожнага чалавека.