Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@FrancoPiroli)

Францішак: перажыць Юбілей з дапамогай спадчыны Сабора

Падрыхтавацца да Юбілею 2025 года, трымаючы ў руках фундаментальныя тэксты Другога Ватыканскага Сабора – заклікаў Святы Айцец духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак напісаў прадмову да зборніка Юбілей 2025 – Сшыткі Сабора, які быў выдадзены Дыкастэрыяй па евангелізацыі ў рамках падрыхтоўкі да Святога года. Ініцыятыва стала адказам на просьбу Папы прысвяціць 2023 год паглыбленаму знаёмству са спадчынай Другога Ватыканскага Сабора, які “дазволіў Касцёлу амаладзіць сваё аблічча і яшчэ раз стаць перад светам у якасці носьбіта Паслання, што пераадольвае ўсякія межы”.

Пантыфік зазначыў, што чатыры канстытуцыі Сабора сталі новым этапам у развіцці вучэння Касцёла. “Цяпер настаў час для таго, каб адкрыць нанова прыгажосць гэтага вучэння, якое яшчэ сёння правакуе веру хрысціян і кліча іх быць адказнымі і актыўнымі, робячы свой уклад на карысць усяго чалавецтва”, - напісаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на актуальнасць саборных канстытуцый, знаёміцца з якімі неабходна для абнаўлення каталіцкіх супольнасцяў і душпастырскага навяртання. У прыватнасці ён вылучыў чатыры важныя для Касцёла тэмы, прапанаваныя Саборам: “цэнтральнае месца Божага слова, фундамент хрысціянскага Аб’яўлення; літургічнае абнаўленне, выраз святарскага служэння ўсіх ахрышчаных; усведамленне быцця Божым народам, які пілігрымуе да Нябеснага Ерузалема; патрэба ў раздзяленні радасцяў і надзеі ўсяго чалавецтва, асабліва бедных”. Францішак пажадаў біскупам, святарам і сем’ям знайсці найбольш адпаведныя формы для таго, каб зрабіць вучэнне Айцоў Сабора актуальным.
 

18 лютага 2023, 10:12