Пошук

Аўдыенцыя для італьянскіх пяціборцаў Аўдыенцыя для італьянскіх пяціборцаў  (Vatican Media)

Францішак: спорт развівае рысы, патрэбныя для духоўнага жыцця

10 лютага 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва Італьянскай федэрацыі сучаснага пяцібор’я і спартсменаў нацыянальнай зборнай па гэтым відзе спорту.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік заўважыў, што пяцібор’е, якое ўключае ў сябе канкур, фехтаванне, стральбу, бег і плаванне, патрабуе ад атлета максімальнай аддачы ў цалкам адметных дысцыплінах, якія вымагаюць розных навыкаў і трэніровак і спрыяюць фармаванню шматграннага спартсмена, які развівае розныя аспекты свайго цела і розума.

Святы Айцец звярнуў увагу на выхаваўчую каштоўнасць пяцібор’я. Яно нагадвае, што ў жыцці трэба ўмець задзейнічаць розныя вымярэнні сваёй асобы ў залежнасці ад кантэкста, адносін і сітуацыі.

“Калі матэматычны геній не ўмее рабіць нічога іншага, у яго жыцці будуць праблемы; і гэта тычыцца ўсяго: высокія дасягненні цудоўныя, але якасць жыцця залежыць не ад іх, а ад добрага сярэдняга ўзроўню ў розных сітуацыях, ад раўнавагі або, хутчэй, ад гармоніі паміж рознымі вымярэннямі. Тут зноў праяўляецца каштоўнасць шматграннай асобы, якая валодае ўнутранай еднасцю, моцным стрыжнем, упартым пастаянствам, а ў той жа час здольнасцю змяняцца, адаптавацца, рухацца наперад. Такі чалавек стабільны ў шматграннасці”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што жыццё больш складанае за спорт, але спорт паказвае, што дзякуючы цярпенню, трэніроўкам, крэатыўнасці і настойлівасці “можна дасягаць мэтаў, якія здаваліся неймавернымі”, а гэта адбываецца праз духоўнае вымярэнне, якое ляжыць у аснове ўсіх астатніх і ўдыхае ў іх жыццё. Гаворка ідзе пра сэрца жыцця і нашы адносіны, якія паходзяць з сэрца чалавека і звязаны з узаемнай любою, дадаў Папа.

У сувязі з гэтым Пантыфік выказаў падзяку Італьянскай федэрацыі сучаснага пяцібор’я за дапамогу, якую яна аказвае ватыканскай педыятрычнай бальніцы Bambino Gesù, як для правядзення навуковых даследаванняў, так і для матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі дзяцей і іх сем’яў. “Дзякуй! Гэта больш цяжкае спаборніцтва, але ўзнагарода за яго напаўняе сабой жыццё і застаецца навекі”, - падкрэсліў, завяршаючы сваю прамову, Святы Айцец.
 

10 лютага 2023, 14:08