Пошук

Аўдыенцыя для членаў Папскай акадэміі навук Аўдыенцыя для членаў Папскай акадэміі навук  (Vatican Media)

Папа: тэхналогіі не павінны замяніць адносіны паміж людзьмі

“Касцёл не перастае падтрымліваць навуковы і тэхналагічны прагрэс, які служыць годнасці чалавека і чалавечаму развіццю, інтэгральнаму і, якое інтэгруе”, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 лютага 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Папскай акадэміі жыцця з нагоды пленарнай сесіі гэтай установы, прысвечанай адносінам паміж чалавекам, тэхналогіямі і агульным дабром. Гаворка ідзе пра вельмі “далікатную мяжу, на якой сустракаюцца прагрэс, этыка і грамадства, і дзе вера, у сваёй пастаяннай актуальнасці, можа рабіць каштоўны ўклад”, - заўважыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што “Касцёл не перастае падтрымліваць навуковы і тэхналагічны прагрэс, які служыць годнасці чалавека і чалавечаму развіццю, інтэгральнаму і, якое інтэгруе”. У той жа час ён звярнуў увагу сваіх гасцей на тры важныя выклікі.

Першы – змена ўмоў жыцця чалавека ў тэхналагічным свеце. Пантыфік нагадаў, што хуткае развіццё тэхнічных сродкаў робіць больш моцнай і відавочнай узаемазалежнасць паміж чалавекам і супольным домам. Дзейнасць чалавека “выклікае значныя змены як у навакольным асяроддзі, так і ва ўмовах жыцця чалавека, з наступствамі і развіццём падзей, якія не заўсёды зразумелыя і прадказальныя”, - папярэдзіў Святы Айцец, спасылаючыся на “розныя крызісы, ад пандэмічнага да энергетычнага, ад кліматычнага да міграцыйнага, наступствы якіх адбіваюцца адзін на адным і ўзмацняюць адзін аднаго”. “Здаровае тэхналагічнае развіццё не можа не ўлічваць гэтыя складаныя перапляценні”, - сцвердзіў ён.

Супольнае фота з чальцамі Папскай акадэміі жыцця
Супольнае фота з чальцамі Папскай акадэміі жыцця

Другі выклік, на які звярнуў увагу Папа, датычыць уплыву новых тэхналогій на паняцці “чалавек” і “адносіны”, з асаблівай увагай на становішча найбольш уразлівых людзей. “Крытэрыі, якія дапамагаюць адрозніць тое, што ўласціва чалавеку, а што ўласціва тэхніцы”, становяцца ўсё больш і больш складанымі”, таму “неабходна сур’ёзная рэфлексія над каштоўнасцю самаго чалавека”, - лічыць Пантыфік.

“У прыватнасці трэба, з рашучасцю адстойваць важнасць паняцця асабістай свядомасці як досведу адносін... Іншымі словамі, у сетцы адносін, як суб’ектыўных, так і грамадскіх, тэхналогія не можа замяніць чалавечы кантакт, віртуальнае не можа замяніць рэальнае, а сацыяльныя сеткі таксама не могуць замяніць сацыяльную сферу”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што навуковыя даследаванні, асабліва ў сферы медыцыны, у вялікай ступені залежаць ад колькасці даступных дадзеных пра хваробы. У сувязі з гэтым ён заклікаў вырашыць праблему прыватнасці медыцынскай інфармацыі. “Было б эгаістычна, прасіць аб лячэнні з дапамогай найлепшых сродкаў і ведаў, якімі валодае грамадства, не спрыяючы іх развіццю”, - сказаў ён.

Трэці выклік, на думку Святога Айца, датычыць разумення паняцця “пазнанне” і наступстваў, якія ад яго паходзяць. У прыватнасці ён заўважыў, што чалавек не можа разглядацца выключна як біялагічны арганізм, але ва ўсёй сваёй цэласнасці. Пантыфік пажадаў, каб тэалогія паспрыяла вызначэнню новага гуманізма і дапамагала ўзаемнаму слуханню і разуменню паміж навукай, тэхналогіяй і грамадствам. “Адсутнасць канструктыўнага дыялогу паміж гэтымі рэаліямі фактычна збядняе ўзаемны давер, які ляжыць у аснове ўсяго чалавечага суіснавання і ўсіх формаў “сацыяльнага сяброўства”, - дадаў Папа.
 

20 лютага 2023, 11:24