Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Францішак: трэба мець мужнасць марыць пра іншую эканоміку

У інтэрв’ю бельгійскаму каталіцкаму штотыднёвіку Tertio Францішак закрануў шэраг тэм: ад Другога Ватыканскага сабору да сінадальнасці, ад вайны ва Украіне да забытых канфліктаў у свеце, а таксама прапанаваў распрацаваць новую інклюзіўную мадэль эканамічнага развіцця.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На пытанне аб тым, чаму для яго так важна працягваць рэалізацыю рашэнняў Другога Ватыканскага Сабора, Папа заўважыў: “Гісторыкі кажуць, што павінна прайсці стагоддзе, каб рашэнні Сабора цалкам уступілі ў сілу і былі рэалізаваны. У нас яшчэ ёсць 40 гадоў.... Ён быў тым, што Бог здзяйсняе ў гісторыі з дапамогай святых людзей”. Францішак адзначыў, што асамблея паставіла задачу зрабіць Касцёл больш жывым, больш сугучным часу, амаладзіць яго. Дагматычная канстытуцыя Lumen gentium, напрыклад, з'яўляецца, на думку Папы, “адным з самых традыцыйных і ў той жа час самых сучасных дакументаў”, таму што ў структуры Касцёла “традыцыя працягвае развівацца і расці”.

Адказваючы на пытанне пра запрашэнне да сінадальнасці, як адзін з вынікаў Сабора, Францішак нагадаў: “Павел VI быў вельмі ўражаны тым, што заходні Касцёл амаль страціў сваё сінадальнае вымярэнне, у той час як усходнія Цэрквы захавалі яго. Таму ён абвясціў аб стварэнні Сакратарыята Сінода Біскупаў, каб аднавіць сінадальнасць у Касцёле”. За апошнія шэсцьдзесят гадоў многае праяснілася: напрыклад, тое, што толькі біскупы маюць права голасу, - адзначыў Пантыфік, дадаючы, што цяперашні сінадальны працэс дапаможа “растлумачыць сэнс і метад прыняцця рашэнняў у Касцёле”.

На пытанне аб ролі ватыканскай дыпламатыі ў спробах спыніць вайну ва Украіне, Святы Айцец сказаў, што “з першага дня прыняў гэты канфлікт блізка да сэрца”. “На наступны дзень пасля ўварвання я асабіста адправіўся ў пасольства Расіі. Гэтага ніколі не рабіў ніводны Папа... Я таксама выказаў гатоўнасць паехаць у Маскву і зрабіць усё магчымае, каб канфлікт не працягваўся”, - зазначыў Францішак, дадаючы, што “Ватыкан заўсёды быў у цэнтры падзей”, працягвае размаўляць з расійскім народам, прымае ўкраінскія дэлегацыі, некалькі кардыналаў ездзілі ва Украіну.

“Мы робім усё магчымае, каб дапамагчы насельніцтву”, якое вельмі пакутуе, - сказаў Святы Айцец. - Мы адчуваем сябе вельмі ўцягнутымі ў гэтую вайну, таму што яна адбываецца побач з намі”, але, нагадаў ён, “па ўсім свеце ідуць войны, на якія мы не звяртаем увагі”: у М'янме, Сірыі, Емене.

На пытанне аб тым, ці не павінен Касцёл больш дэманстраваць сваё сацыяльнае і прароцкае аблічча, замест таго, каб засяроджвацца на літургіі і абвяшчэнні Евангелля, Францішак адказаў, што гэтыя аспекты не супярэчлівыя. “Касцёл, які не цэлебруе Эўхарыстыю, – гэта не Касцёл”, - сказаў Папа, на думку якога, аднак, гэта не значыць, што трэба хавацца ў сакрыстыі. Касцёл мае “сацыяльнае абавязацельства, абавязацельства клапаціцца пра іншых”. “Праслаўленне Бога і служэнне нашым братам і сёстрам ідуць побач, таму што ў кожным браце і сястры мы бачым Хрыста”, - заўважыў ён.

Апошняе пытанне інтэрв’ю тычылася альтэрнатыўнай эканамічнай мадэлі, якую Пантыфік прапануе замест неаліберальнага рыначнага падыходу. “Мы павінны мець мужнасць марыць пра эканоміку, якая не з'яўляецца чыста ліберальнай. Эканоміка заўсёды павінна быць сацыяльнай, стаяць на службе грамадства”, - лічыць Францішак.

28 лютага 2023, 15:20