Францішак здзейсніць Апостальскі візіт у Венгрыю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец прыбудзе ў сталіцу Венгрыі раніцай 28 красавіка самалётам з Рыма. Пасля кароткага прывітання ў аэрапорце і афіцыйнай прывітальнай цырымоніі, якая адбудзецца перад сталічным Палацам Шандара, рэзідэнцыяй кіраўніка дзяржавы, ён сустрэнецца з Прэзідэнтам і Прэм’ер-міністрам.
Затым Францішак накіруецца ў былы кармэлітанскі кляштар у Будапешце, дзе звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Завяршыцца першы дзень папскай пілігрымкі сустрэчай з венгерскімі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі. Яна пройдзе ў сталічным конкатэдральным касцёле святога Стэфана.
29 красавіка Папа адведае з прыватным візітам дзяцей, якія атрымліваюць дапамогу ў цэнтры імя благаслаўлёнага Ласла Бацьяні-Штратмана. Потым ён адправіцца ў касцёл святой Альжбеты Венгерскай, дзе сустрэнецца з беднымі і бежанцамі. У другой палове дня пройдзе сустрэча Пантыфіка з венгерскай моладдзю, а вечарам ён прыме ў нунцыятуры мясцовых езуітаў.
Апошні дзень падарожжа – 30 красавіка – Францішак распачне цэлебрацыяй святой Імшы на плошчы Лаяша Кошута, пасля якой ён правядзе малітву Уладарка Неба. На завяршэнне пілігрымкі Пантыфік наведае факультэт інфарматыкі і біёнікі Каталіцкага ўніверсітэта імя Пэтэра Пазманя, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі ўніверсітэцкага свету і культуры. Потым Папа адправіцца ў аэрапорт, адкуль, пасля цырымоніі развітання, вылеціць у Рым.
Святы Айцец наведваў Будапешт у верасні 2021 годзе з нагоды Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў у гэтым горадзе. Візіт не насіў афіцыйнага характару і быў абмежаваны ўдзелам Папы ў форуме.