Пантыфік католікам Паўднёвага Судана: будзьце соллю і святлом
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Езус ведае і любіць вас; калі прабываем у Ім, не павінны баяцца, бо таксама для нас кожны крыж пераменіцца ва ўваскрасенне, кожны смутак у надзею, кожны плач у танец”, - запэўніў вернікаў Святы Айцец, прапануючы паразважаць над словамі Хрыста, які кажа сваім вучням, што яны з’яўляюцца соллю зямлі і святлом свету.
Папа нагадаў, што Езус прамовіў гэтыя словы адразу пасля евангельскіх благаслаўленняў, якія вучаць нас: каб быць шчаслівымі, мы не павінны імкнуцца стаць моцнымі, багатымі і магутнымі, але пакорнымі, лагоднымі і міласэрнымі; не рабіць зла нікому, але быць міратворцамі для ўсіх. У гэтым заключаецца мудрасць вучня Хрыста, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што жыццё паводле благаслаўленняў надае добры смак не толькі нашаму жыццю, але таксама грамадству, краіне, у якой жывём.
Францішак нагадаў, што соль выкарыстоўваецца, каб захоўваць ежу ад сапсавання, а ў біблійныя часы выкарыстоўвалася падчас ахвярапрынашэнняў Пану, нагадваючы пра важнасць еднасці з Панам. Вучань Езуса, на думку Святога Айца, пакліканы быць сведкамі гэтай еднасці.
“Мы, соль зямлі, пакліканы даць сведчанне запавету з Богам у радасці, з удзячнасцю, паказваючы, што мы людзі, здольныя ствараць сувязі сяброўства, жыць у братэрстве, будаваць добрыя чалавечыя адносіны, перашкаджаць перавазе зла карупцыі, хваробаў падзелаў, бруду несправядлівых спраў, біча несправядлівасці”, - сказаў Пантыфік.
Папа заклікаў паўднёвасуданскіх вернікаў быць соллю зямлі сваё краіны: неабходна ў імя Езуса скласці зброю нянавісці і помсты, узяцца за малітвы і справы міласэрнасці, навучыцца прабачаць, шчыра прымаць адзін аднаго..
Францішак заахвоціў таксама быць святлом свету, прымаючы ў сябе святло Хрыста. “Перш чым турбавацца аб цемры, якая нас акружае, перш чым спадзявацца, што вакол нас нешта прасвятлее, мы павінны свяціць, асвятляць сваім жыццём і сваёй працай гарады, вёскі і мясціны, у якіх мы жывем, людзей, якія мы сустракаем, мерапрыемствы, якія праводзім. Пан дае нам моц, моц быць святлом у Ім, для ўсіх; таму што ўсе павінны мець магчымасць бачыць нашы добрыя ўчынкі і, убачыўшы іх – нагадвае нам Езус – са здзіўленнем адкрывацца на Бога і аддаваць Яму хвалу: калі мы будзем жыць як дзеці і браты на зямлі, людзі даведаюцца, што ў іх ёсць Айцец у нябёсах”, запэўніў Пантыфік.
“Ад нас патрабуецца палаць любоўю: няхай не здарыцца так, што наша святло згасне, што ў нашым жыцці знікне кісларод любові, што зла ўчынкі забяруць чыстае паветра ў нашага сведчання. Гэтай прыгожай і змучанай зямлі патрэбна святло, якое ёсць у кожнага з вас, а дакладней, святло, якім ёсць кожны з вас!”, - дадаў Святы Айцец.