Пантыфік: мару пра развіццё на афрыканскім кантыненце
Аляксандр Панчанка – Vatican News
16 лютага 2023 года італьянскае езуіцкае выданне La Civiltà Cattolica пазнаёміла з падрабязнасцямі двух сустрэч Святога Айца з яго сабратамі па Таварыстве Езуса, якія прайшлі за закрытымі дзвярыма падчас яго нядаўняй пілігрымкі ў Афрыку.
Першая сустрэча адбылася 2 лютага ў Кіншасе, сталіцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. На ёй прысутнічалі 82 езуіты, якія мелі магчымасць абмеркаваць свае турботы з Пантыфікам. Падчас гутаркі пра канфлікты і войны, Папа заўважыў, што свет ідзе ўсё далей і далей у кірунку бездані. “Ці знойдзе чалавецтва мужнасць, сілу і магчымасць, каб развярнуцца?”, - задаў ён рытарычнае пытанне, з жалем прызнаючыся, што ў гэтым сэнсе з’яўляецца песімістам.
Святы Айцец назваў сур’ёзнай праблемай вытворчасць зброі. “У свеце так шмат голаду, а мы працягваем вырабляць узбраенні. Вельмі цяжка сысці са шляху, які вядзе да катастрофы! І гэта не кажучы пра ядзерную зброю”, - сказаў ён, заўважаючы, што адной з рыс сучаснай культуры з’яўляецца язычніцкае пакланенне перад вайной.
Гаворачы пра ўнутраныя касцёльныя праблемы, Францішак звярнуў увагу на небяспеку аўтарытарызму, які назваў “адлюстраваннем грамадства, параненага мірскім духам і карупцыяй”. Ён выказаў пажаданне, каб у Касцёле было больш служэння.
Абмяркоўвалася таксама 1700-годдзе Нікейскага Сабора, якое будзе адзначацца ў 2025 годзе. Папа заўважыў, што ўжо трывае падрыхтоўка да таго, каб разам з Патрыярхам Барталамеем адзначыць гэты юбілей па-братэрску, з надзеяй на дасягненне згоды адносна агульнай даты святкавання Пасхі.
Адказваючы на пытанне пра магчымасць адрачэння аб папскага служэння, Францішак сказаў: “Бэнэдыкт XVI меў адвагу зрабіць гэтага, бо, па прычынах, звязаных са здароўем, не адчуваў сіл, каб ісці далей. У маёй павестцы дня на дадзены момант гэтага пытання няма. Я лічу, што служэнне Папы павінна быць ad vitam. Не бачу прычын чаму не павінна быць так”.
У сустрэчы Пантыфіка з езуітамі ў Джубе, 4 лютага, прымалі ўдзел адзінаццаць прадстаўнікоў Таварыства Езуса з правінцыі Усходняй Афрыкі, якая ўключае Судан, Паўднёвы Судан, Эфіопію, Уганду, Кенію і Танзанію. Святы Айцец паўтарыў сваю пазіцыю адносна таго, што Афрыка не павінна эксплуатавацца. Ён прызнаўся, што марыць пра развіццё гэтага кантынента, а таксама адзначыў патрэбу ў палітыках, якія дапамогуць дасягнуць развіцця сваім краінам, у першую чаргу пазбягаючы карупцыі. “Палітычная карупцыя не пакідае месца для развіцця краіны, знішчае яе”, - зазначыў Святы Айцец.