Пошук

Перамяненне (фрагмент). Рафаэль Санці Перамяненне (фрагмент). Рафаэль Санці 

Папа на Вялікі пост: ісці да асабістага і касцёльнага перамянення

Вялікі пост будзе плённым у той меры, у якой будзем слухаць Пана, які прамаўляе праз Божае слова, а таксама праз нашых бліжніх, асабліва найбольш патрабуючых, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Велікапосны аскетызм, сінадальны шлях” – тэма паслання Папы на Вялікі пост, якое было абнародавана і прадстаўлена 17 лютага 2023 года ў Ватыкане. У ім Францішак прапанаваў паразважаць над евангельскім урыўкам пра Перамяненне Езуса на гары Табор, які чытаецца ў другую велікапосную нядзелю.

“У гэты літургічны перыяд Пан бярэ нас з сабою і адводзіць у адасобленае месца. Нават калі нашы звычайныя абавязкі патрабуюць заставацца на нашых прывычных месцах, жывучы штодзённасцю, якая часта паўтараецца, а часам бывае сумнай, у Вялікі пост мы запрошаны разам з Езусам “узысці на высокую гару”, каб перажыць разам са святым Божым Народам асаблівы аскетычны досвед”, - напісаў Святы Айцец.

Велікапосны аскетызм з дапамогай Божай ласкі дапамагае пераадолець “наша малавер’е і супраціў, каб маглі ісці за Езусам па крыжовым шляху”. “Каб паглыбіць наша знаёмства з Настаўнікам, каб цалкам зразумець і прыняць таямніцу Божага збаўлення, якое здзяйсняецца ў поўным дары сябе з любові”, хрысціяне пакліканы ўзняцца разам з Панам у “адасобленае і высокае месца”, адкінуўшы пасрэднасць і марнасць. “Трэба вырушыць у шлях, які вядзе ўвышыню, патрабуе намаганняў, ахвярнасці і канцэнтрацыі, як падчас паходу ў горы”, - напісаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што Езус прывёў на гару Табор трох вучняў, паказваючы, што за Ім “ідуць разам”, што гэты шлях сумесны – сінадальны. Напрыканцы ж гэтага ўзыходжання апосталы маглі ўбачыць як Хрыстус ззяў звышнатуральным святлом.

“Як і падчас любога складанага горнага паходу: уздымаючыся, трэба трымаць погляд на сцежцы; але панарама, якая адкрываецца напрыканцы, здзіўляе і адплачвае сваёй прыгажосцю. Таксама і сінадальны працэс часта здаецца цяжкім, часам можна апусціць рукі, але тое, што чакае нас напрыканцы – гэта безумоўна нешта цудоўнае і надзвычайнае, і яно дапаможа нам лепш зразумець Божую волю і нашу місію ў служэнні Яго Валадарству”, - перакананы Пантыфік.

Папа нагадаў, што на гары Табор побач з Езусам з’явіліся Майсей і Ілля, увасабляючы Закон і Прарокаў. Ён падкрэсліў, што навізна Хрыста неадлучная ад гісторыі Бога і Яго народа. “Падобным чынам і сінадальны шлях укаранёны ў традыцыі Касцёла і ў той жа час адкрыты на новае. Традыцыя з’яўляецца крыніцай натхнення для пошуку новых шляхоў, дапамагаючы пазбегнуць спакус закамянеласці і імправізаваных эксперыментаў”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што мэтай аскетычнага, а таксама сінадальнага шляху, з’яўляецца асабістае і касцёльнае перамяненне. Для яго дасягнення трэба ў першую чаргу прыняць словы, сказаныя Нябесным Айцом апосталам, што сузіралі перамяненне Езуса: “Яго слухайце”. Вялікі пост будзе плённым у той меры, у якой будзем слухаць Божае слова ў касцёльнай літургіі. Нават не ўдзельнічаючы штодзённа ў святой Імшы, можна рэгулярна чытаць Біблію, “у тым ліку з дапамогай інтэрнэта”, - адзначыў Папа, дадаючы, што Пан звяртаецца да нас таксама праз бліжніх, асабліва найбольш патрабуючых, і праз братоў і сясцёр у Касцёле, у духу сінадальнасці.

Пантыфік перасцярог ад уцякання “ў рэлігійнасць, што складаецца з надзвычайных падзей, уражанняў, страху перад рэчаіснасцю з яе штодзённымі цяжкасцямі, нястачамі і супярэчнасцямі”. “Святло, якое Езус аб’явіў сваім вучням, з’яўляецца апярэджваннем пасхальнай хвалы, і да яго трэба крочыць, ідучы толькі за Хрыстом”, - дадаў ён.

Святы Айцец патлумачыў, што Вялікі пост вядзе да Пасхі, таму адасабленне не павінна быць самамэтай, а спрыяць нашаму прылучэнню да мукі і крыжа з верай, надзеяй і любоў, каб дасягнуць уваскрашэння. Падобным чынам і сінадальны шлях “не павінен падманваць нас, быццам мы дасягнулі пункту прызначэння, калі Бог дазваляе нам адчуць моцны досвед адзінства”: трэба “спусціцца на раўніну” і з дапамогай спазнанай ласкі “быць будаўнікамі сінадальнасці ў звычайным жыцці нашых супольнасцяў”, - падкрэсліў Папа, выказваючы пажаданне вернікам, каб Вялікі пост, умацаваўшы у веры, дапамог крочыць разам з Хрыстом.
 

17 лютага 2023, 11:30