Пошук

Францішак на сустрэчы з прадстаўнікамі Італьянскай федэрацыі рэдкіх хвароб Францішак на сустрэчы з прадстаўнікамі Італьянскай федэрацыі рэдкіх хвароб  (Vatican Media)

Папа адзначыў грамадскае значэнне некамерцыйных асацыяцый

Абмен паміж людзьмі спачатку з’яўляецца неабходнасцю, потым становіцца выбарам, - адзначыў Францішак, сустракаючыся 13 лютага 2023 года з прадстаўнікамі Uniamo – Італьянскай федэрацыі рэдкіх хвароб.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа ўручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой звярнуў увагу на прычыны, якія схіляюць людзей яднацца ў пераадоленні цяжкасцей. На яго думку, гаворка ідзе пра ўзаемную прапанову рашэнняў, якія дазваляюць зарыентавацца ў “тумане сітуацыі”. Але самае галоўнае – задавальненне ад чалавечых адносін, ад сяброўства з людзьмі, якіх мы раней не ведалі і якія цяпер давяраюць нам свой вопыт, дапамагаючы пераадолець цяжкасці.

Святы Айцец адзначыў важнасць існавання такіх асацыяцый як Uniamo: яны робяць “вырашальны ўклад у агульнае дабро”, павышаюць якасць аховы здароўя. “Добрая палітыка залежыць у тым ліку і ад укладу асацыяцый, бо яны маюць неабходныя веды ў канкрэтных пытаннях і ўвагу да людзей, якія рызыкуюць быць занядбанымі”, - гаворыцца ў прамове.

Добрая палітыка заключаецца не ў адстойванні інтарэсаў выключна сваёй катэгорыі, а ў гарантаванні аховы здароўя усім, не дыскрымінуючы нікога. Папа лічыць неабходнымі намаганні па “пераадоленні нацыянальных і камерцыйных бар'ераў для абмену вынікамі навуковых даследаванняў”, гэта, паводле яго пераканання, “дасць магчымасць дасягнуць мэты, якія сёння здаюцца вельмі далёкімі”.

Моц асацыяцый, перакананы Францішак, у іх здольнасці даць голас тым, хто не мае магчымасці яго ўзнесці. Ён падзякаваў прадстаўнікам Італьянскай федэрацыі рэдкіх хвароб за іх дзейнасць і паабяцаў малітоўна суправаджаць “кожнага чалавека і кожную сям'ю, якія сутыкнуліся з рэдкай хваробай”.

13 лютага 2023, 13:49