Пошук

Пантыфік духавенству Паўднёвага Судана: быць заступнікамі народа

На паслухмянасць і заступніцтва, два аспекта характару Майсея, звярнуў увагу Францішак падчас сустрэчы з духавенствам Паўднёвага Судана, якая прайшла 4 лютага 2023 года ў катэдры святой Тэрэзы ў Джубе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа ўзгадаў свае папярэднія сустрэчы з мясцовым духавенствам, якія адбыліся ў Рыме ў 2017 і 2019 гадах, а таксама адзначыў, што з нецярпеннем чакаў новай сустрэчы.

Выкарыстоўваючы вобраз Ніла, Папа нагадаў, што “з гэтымі водамі зліваюцца слёзы народа, пагружанага ў пакуты і боль”, але яны таксама распавядаюць гісторыю вызвалення і выратавання. “Успамінаючы гісторыю Майсея, які вёў народ Божы праз пустыню, давайце спытаем сябе, што значыць для нас быць слугамі Божымі на зямлі, параненай вайной, нянавісцю, гвалтам і галечай. Як ажыццяўляць наша служэнне на гэтай зямлі, на берагах ракі, залітай такой колькасцю нявіннай крыві?” - звярнуўся да біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і семінарыстаў Папа. Каб паспрабаваць адказаць на гэтае пытанне, Святы Айцец прапанаваў паразважаць над двума аспектамі характару Майсея: паслухмянасцю і заступніцтвам.

Першае, што, на думку Папы, здзіўляе ў гісторыі Майсея, - гэта яго паслухмянасць, яго лагодны водгук на Божую прапанову. Аднак так было не заўсёды, спачатку ён спрабаваў самастойна змагацца з несправядлівасцю і прыгнётам, узяць правасуддзе ў свае рукі. У выніку забойства егіпцяніна, які збіваў габрэя, яму давялося бегчы ў пустыню, дзе ён заставаўся шмат гадоў. Паводле Францішка, памылка Майсея была ў тым, што ён “паставіў сябе ў цэнтр і спадзяваўся толькі на сваю сілу”, на гвалт адказваў гвалтам.

Святы Айцец папярэдзіў, што часам нешта падобнае можа адбывацца і ў жыцці святароў, законнікаў і семінарыстаў: яны могуць думаць, у глыбіні душы, што знаходзяцца ў цэнтры ўсяго, спадзявацца амаль выключна на ўласныя таленты і здольнасці, думаць, што Касцёл можа “знайсці адказ на пакуты і патрэбы людзей з дапамогай чалавечых рэсурсаў, такіх як грошы, розум ці ўлада”. Замест гэтага, духавенства паклікана быць паслухмянымі прыладамі ў руках Бога, як Майсей, які наблізіўся да Яго “са здзіўленнем і пакорай”.

На думку Папы, паслухмянасць дазваляе святарам перажыць абнаўленне ў служэнні, усвядоміць, што яны “не правадыры плямёнаў, а спагадлівыя і міласэрныя пастыры, не ўладары, а слугі, якія схіляюцца, каб абмыць ногі братам і сёстрам, не свецкая ўстанова, якая распараджаецца зямнымі выгодамі, а супольнасць дзяцей Божых”. Святы Айцец заклікаў слухачоў пазбавіцца ад чалавечай саманадзейнасці, ганарыстасці і празмерных амбіцый.

Другі аспект характару Майсея, на якім Папа засяродзіў увагу – яго заступніцтва, якое “не азначае малітву за кагосьці, як мы так часта думаем”. На думку Францішка, гэта здольнасць знаходзіцца сярод свайго народа, дзейнічаць як мост, які злучае яго з Богам. Менавіта гэтую здольнасць неабходна развіваць пастырам Касцёла. “Наш першы абавязак – не быць ідэальна арганізаваным Касцёлам, а Касцёлам, які дзеля людзей гатоў запэцкаць рукі”.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў Святым Пісанні Маісей прадстае ў трох выявах: з кіем у руцэ, з распасцёртымі рукамі і з узнятымі да неба рукамі.

Як Майсей з кіем у руцэ, які рашуча асуджае прыгнёт свайго народа, сучасныя пастыры таксама пакліканы ўзвысіць галасы супраць несправядлівасці і злоўжыванняў уладай. “Мы не можам заставацца нейтральнымі перад болем, які прычыняюць акты несправядлівасці і насілля. Парушаць асноўныя правы любой жанчыны ці мужчыны – гэта злачынства супраць Хрыста”, - сказаў Папа.

Другая выява, Майсей з распасцёртымі рукамі, заклікае сучасных пастыраў працягваць рукі, падбадзёрваць і натхняць людзей, “нагадваць ім, што Бог верны сваім абяцанням, падахвочваць іх да дзеяння”.

Нарэшце, трэцяя выява Майсея з узнятымі да неба рукамі служыць прыкладам заступніцтва перад Богам за свой народ. Задача пастыраў, на думку Папы, заключаецца ў тым, каб маліцца Богу аб народзе, атрымліваць для яго прабачэнне, ажыццяўляць прымірэнне. Гэта патрабуе вялікіх намаганняў і можа каштаваць жыцця, - адзначыў Папа, дадаўшы: “Нам патрэбныя мужныя і велікадушныя душы, гатовыя пакутаваць і памерці за Афрыку”.

Святы Айцец скончыў сваю прамову словамі ўдзячнасці за самаадданасць, мужнасць, ахвяраванне і цярпенне, даручыў духавенства Паўднёвага Судана абароне Найсвяцейшай Панны Марыі і папрасіў маліцца за яго.

04 лютага 2023, 08:19