Пошук

Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Універсітэта імя Сулхан-Сабы Арбэліані (Тбілісі, Грузія) Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Універсітэта імя Сулхан-Сабы Арбэліані (Тбілісі, Грузія)  (Vatican Media)

Пантыфік да грузінскай дэлегацыі: быць светачамі культуры і веры

Выдатным прыкладам плённага супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі ў культурнай і адукацыйнай сферах назваў Папа грузінскі Універсітэт імя Сулхан-Сабы Арбэліані, з выкладчыкамі і студэнтамі якога ён сустрэўся 13 лютага 2023 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак падзякаваў гасцям за працу ў галіне культурных даследаванняў і адукацыі маладога пакалення. На думку Святога Айца, гэта “добра адпавядае ідэнтычнасці Грузіі, маладой краіны са старажытнай гісторыяй, зямлі, благаслаўлёнай Небам”, пра якую ён “захоўвае шчаслівыя ўспаміны”, у прыватнасці, пра сустрэчы з Каталікосам усяе Грузіі Іллёй II.

Пантыфік назваў вельмі цікавым той факт, што ў грузінскай мове тэрмін адукацыя паходзіць ад слова святло і азначае пераход ад цемры невуцтва да святла ведаў. Веды, якія студэнты набываюць ва ўніверсітэце, закліканы паставіць у цэнтр годнасць чалавечай асобы, дазволіць спазнаць самога сябе, - адзначыў Папа.

На думку Францішка, асвета асабліва неабходна ў час, калі ў свеце згушчаецца цемра нянавісці, якая паходзіць ад няпамятлівасці і абыякавасці, у той час як “культура і адукацыя вяртаюць памяць аб мінулым і праліваюць святло на цяперашні час”. “Заняпад народа пачынаецца там, дзе заканчваецца памяць пра мінулае”, - нагадаў словы Чаўчавадзэ Святы Айцец.

Папа заклікаў грузінскую дэлегацыю “трымаць лямпу адукацыі ўключанай, а акно веры адчыненым”, дадаўшы, што ў грузінскай мове корань святло сустракаецца не толькі ў слове адукацыя, але і ў слове хрост, звязваючы такім чынам культуру і веру. Менавіта дзякуючы сваёй веры і культуры, вясёлы і смелы, ветлівы і закаханы ў жыццё грузінскі народ, змог захаваць пазітыўнае стаўленне нават у самыя змрочныя часы, - адзначыў Пантыфік.

Па словах Францішка, Каталіцкі Касцёл адыгрывае ў гэтым каштоўную ролю. Ён заклікаў гасцей працягваць радаснае і канструктыўнае “служэнне каталіцкай супольнасці, каб яно было семем, якое прыносіць плён для ўсіх”. “Грузіны, пачынаючы з моладзі, заслугоўваюць таго, каб мець усё больш шырокія магчымасці”, - сказаў Папа, узгадаўшы ўнікальны грузінскі гуманізм, “з яго мастацтвам, літаратурай, музыкай і іншымі выразамі”.

Напрыканцы прамовы Папа падзякаваў гасцям па-грузінску, пажадаў ім быць светачамі для моладзі, несці “культуру, якая раскрывае гарызонты і пашырае межы”, а таксама папрасіў іх узгадваць яго ў малітвах.

13 лютага 2023, 12:28