Пошук

Папа падчас адкрыцця судовага года ў Ватыкане Папа падчас адкрыцця судовага года ў Ватыкане  (Vatican Media)

Папа да суддзяў: спалучаць справядлівасць з міласэрнасцю

Францішак сустрэўся з юрыстамі Трыбунала Дзяржавы Ватыкан з нагоды інаўгурацыі 94-га судовага года і заклікаў іх з міласэрнасцю глядзець на тых, хто памыляецца і сутыкаецца з правасуддзем.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У прамове да суддзяў Святы Айцец адзначыў, што спадзяванне на хуткае аднаўленне “пасля жудасных выпрабаванняў пандэміі”, на жаль, не спраўдзілася ў сувязі з трагічным развіццём падзей ва Украіне, якія “прывялі ўвесь свет да глыбокага крызісу”. Становішча пагаршаецца шматлікімі войнамі, якія працягваюць успыхваць і ў іншых краінах, - адзначыў Папа, назваўшы ваенныя канфлікты “свайго роду самазнішчэннем”.

Перад абліччам гэтых сцэнарыяў расце імкненне да міру і справядлівасці. Яно ўмацоўваецца ў нашай свядомасці, пакуль не стане імператывам, - сцвердзіў Пантыфік. “Мір без справядлівасці – не сапраўдны мір, ён не мае трывалай асновы і магчымасцяў для будучыні. Справядлівасць – гэта не абстракцыя або ўтопія. Па Бібліі, гэта сумленнае і дакладнае выкананне абавязку перад Богам, выкананне Яго волі, - звярнуў увагу Францішак. - Гэта не толькі набор правілаў, якія неабходна выконваць з тэхнічнай кампетэнтнасцю, але і цнота, дзякуючы якой мы даем кожнаму тое, што яму належыць, што неабходна для правільнага функцыянавання ўсіх сфер агульнага жыцця і для таго, каб кожны мог весці спакойны лад жыцця”.

На думку Папы, тыя, хто працуюць у судовай сферы, адказваюць за аднаўленне парушанага міру ў спрэчках паміж рознымі суб'ектамі супольнасці. З гэтага пункту гледжання, Трыбунал Дзяржавы Ватыкан адыгрывае каштоўную ролю, калі справа даходзіць да ўрэгулявання спрэчак грамадзянскага або крымінальнага характару. Спрэчкі, якія па сваёй прыродзе выходзяць за рамкі кампетэнцыі суда Святога Пасада і кананічных судоў, павінны разглядацца на аснове складанага перапляцення кананічных і грамадзянскіх крыніц, што патрабуе пэўных навыкаў. У апошнія гады колькасць прававых спрэчак і звязаных з імі працэсаў павялічылася, таксама як і “сур'ёзнасць некаторых спраў, асабліва ў галіне кіравання актывамі і фінансамі”, - зазначыў Святы Айцец.

Паводле Францішка, Касцёл "выконвае свой мандат, перш за ўсё, калі сведчыць словамі і справамі аб міласэрнасці". Менавіта праз прызму “міласэрнасці і блізкасці мы пакліканы глядзець на братоў і сясцёр, асабліва калі яны ў бядзе, калі яны памыляюцца, калі яны падвяргаюцца правасуддзю”, - нагадаў Папа, заклікаўшы суддзяў шукаць “неабходнага балансу паміж справядлівасцю і міласэрнасцю”, якія “не з'яўляюцца альтэрнатывамі, але ідуць разам да адной і той жа мэты”. “Шлях справядлівасці робіць магчымым братэрства, якое абараняе ўсіх, асабліва самых слабых”, - сказаў Францішак, пажадаўшы магістратам заўсёды захоўваць гэта ўсведамленне і імкненне да ісціны.

25 лютага 2023, 12:19