Папа: навука павінна быць вольнай ад уплыву палітыкі і эканомікі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Захоўваць высокія стандарты навуковай цэласнасці, каб яна заставалася свабоднай ад недарэчных уплываў эканамічнага і палітычнага характару – першае пажаданне, якое выказаў Францішак прадстаўнікам адной з найбуйнейшых у свеце сеткі навукова-даследчых арганізацый, якая аб’ядноўвае каля 80-ці навуковых інстытутаў у Германіі.
“Мне здаецца, што ў наш час трэба захаваць і, па магчымасці, павялічыць падтрымку чыстай навукі. Фактычна, не адрываючы нічога ад прыкладной навукі, неабходна прызнаць прыроду чыстай навукі як грамадскага дабра, вынікі якой павінны быць пастаўлены на службу агульнаму дабру. І ваша ўстанова, безумоўна, можа многае зрабіць у гэтым напрамку”, - напісаў Папа.
Абвяшчэнне аб непазбежным нараджэнні так званага “гібрыднага мыслення”, якое з’яўляецца вынікам гібрыдызацыі біялагічнага і небіялагічнага мыслення, што дазволіць чалавеку не быць выцесненым штучным інтэлектам, падымае вельмі важныя пытанні як на этычным, так і на сацыяльным узроўні, - зазначыў Пантыфік, заклікаючы ўлічваць, што “зліццё паміж кагнітыўнымі здольнасцямі чалавека і вылічальнай магутнасцю машыны істотна зменіць від homo sapiens”.
Францішак падкрэсліў, што ў актуальным кантэксце нельга не задавацца пытаннем пра сэнс і напрамак гэтых перамен. Ён заўважыў, што ў людзей, “якія бачаць сябе ў трансгуманістычным праекце, усё гэта не выклікае занепакоенасці”, але таго ж самага нельга сказаць пра тых, хто “прысвячае сябе прасоўванню неагуманістычнага праекта, згодна з якім разрыў паміж дзеяннем і інтэлектам не можа быць прыняты”.
“Калі здольнасць вырашаць праблемы аддзяляецца ад неабходнасці быць разумным пры гэтым, адмяняецца наўмыснасць і, такім чынам, этыка дзеянняў. Я ўпэўнены, што Таварыства Макса Планка захоча ўнесці фундаментальны ўклад у вырашэнне гэтага пытання”, - дадаў Святы Айцец.
Трэцяя заўвага Пантыфіка датычылася распаўсюджвання прынцыпу “тэхнічнай” адказнасці, які не дазваляе маральна ацэньваць дабро і зло. Згодна з ім “дзеянне, асабліва буйных арганізацый, варта ацэньваць толькі ў функцыянальным плане, быццам усё, што магчыма, з гэтай прычыны становіцца этычна дазволеным”.
“Касцёл ніколі не зможа прыняць такую пазіцыю, пра трагічныя наступствы якой мы ўжо маем занадта шмат доказаў. Сёння мы павінны вярнуць у цэнтр нашай культуры адказнасць як клопат пра іншага, а не толькі як справаздачу за зробленае. Таму што мы адказваем не толькі за тое, што робім, але таксама і перш за ўсё за тое, што не робім, нават калі можам гэта зрабіць”, - нагадаў Францішак.