Пошук

Папа завяршыў афрыканскую пілігрымку

5 лютага 2023 года, у 11.56 па мясцовым часе самалёт A-359 італьянскай авіякампаніі ITA Airways са Святым Айцом і асобамі, якія яго суправаджалі, на борце вылецеў з міжнароднага аэрапорта Джубы ў Рым.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Так завяршылася 40-е замежнае падарожжа Францішка, падчас якога ён наведаў Дэмакратычную Рэспубліку Конга (31 студзеня - 3 лютага) і Паўднёвы Судан (3-5 лютага).

Папу разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі і мадэратарам Генеральнай асамблеі Царквы Шатландыі Іэнам Грыншылдсам ля ўваходу ў VIP-залу аэрапота сустрэў прэзідэнт Паўднёвага Судана Салва Кіір Маярдзіт. Яны мелі некалькі хвілін размовы. Затым Пантыфік развітаўся з членамі афіцыйных дэлегацый.

Развітваючыся з прэзідэнтам, які з'яўляецца католікам, Папа зрабіў на яго галаве знак крыжа. Затым у інваліднай калясцы яго даставілі ў ліфт, які падняўся на борт самалёта.

Падчас палёту запланавана прэс-канферэнцыя, у якой таксама прымуць удзел кіраўнікі Англіканскай і Метадысцкай Цэркваў.

Прыбыццё ў міжнародны аэрапорт Ф'юмічына запланавана на 17.30. Адтуль Францішак накіруецца ў Ватыкан.
 

05 лютага 2023, 11:26