Папу непакоіць сітуацыя ў Святой Зямлі, Украіне і Буркіна-Фасо
Марыя Валодзіна – Vatican News
“З Святой Зямлі працягваюць прыходзіць сумныя навіны: забіта шмат людзей, у тым ліку і дзеці... Як спыніць гэтую спіраль насілля? Я аднаўляю заклік да таго, каб дыялог узяў верх над нянавісцю і помстай, і малю Бога за палестынцаў і ізраільцян, каб яны знайшлі шлях да братэрства і міру пры дапамозе міжнароднай супольнасці”, - сказаў Францішак.
“Я таксама вельмі занепакоены сітуацыяй у Буркіна-Фасо, дзе працягваюцца тэракты. Я заклікаю маліцца за насельніцтва гэтай дарагой краіны, каб гвалт не прывёў да страты веры ў дэмакратычны, справядлівы і мірны шлях”, - зазначыў Святы Айцец.
“Сёння раніцай я з болем даведаўся пра караблекрушэнне, якое адбылося ля ўзбярэжжа Калабрыі, недалёка ад Кратоне. Ужо знойдзена сорак загінулых, у тым ліку шмат дзяцей. Я малюся за кожнага з гэтых мігрантаў, за зніклых і за тых, хто выжыў”, - адзначыў Папа.
“Не будзем забываць пра трагедыю вайны ва Украіне, дзе ўжо год ідзе вайна. Таксама давайце не забываць пра боль сірыйскага і турэцкага народаў, якія пакутуюць ад землятрусу”, - звярнуўся Пантыфік да тых, хто сабраўся сёння на плошчы святога Пятра.