Пошук

Кніга "Пастыр". Ілюстрацыйнае фота Кніга "Пастыр". Ілюстрацыйнае фота 

Пастыр – кніга да 10-годдзя пантыфікату Францішка

Пастыр (El Pastor) – кніга пад такой назвай з’явіцца на паліцах аргентынскіх кнігарняў з нагоды 10-годдзя пантыфікату Францішка. Хорхэ Марыа Бэрголіа быў абраны на Пасад святога Пятра 13 сакавіка 2013 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Аўтары выдання – Франчэска Амбраджэцці, былая кіраўніца аргентынскага аддзялення італьянскага інфармацыйнага агенцтва Ansa, і Серхіа Рубін, журналіст і ватыканіст найбуйнешай у Аргентыне газеты Clarín – даўно знаёмы з Францішкам.

У 2010 годзе яны выдалі кнігу-інтэрв’ю пад назвай Езуіт (El jesuita), прысвечаную будучаму Пантыфіку, якая атрымала вялікі міжнародных поспех, будучы перакладзенай на многія мовы свету. Выданне знаёміла з жыццём і думкамі тагачаснага арцыбіскупа Буэнас-Айрэса. Новая кніга падсумоўвае 10 гадоў яго пантыфікату. Яна паўстала на аснове шэрагу інтэрв’ю з Папам, прысвечаных розным актуальным праблемам у свеце і Касцёле.

Адной з цэнтральных тэм выдання стала палітыка. Францішак прызнаўся, што займаецца ёй у той меры, у якой усе павінны займацца палітыкай. “Што такое палітыка? – Гэта стыль жыцця на карысць поліса, горада. Тое, чым я не займаюся, і чым не павінен займацца Касцёл, гэта партыйная палітычная дзейнасць. Але Евангелле мае палітычнае вымярэнне, якое заключаецца ў змене сацыяльнага, а таксама рэлігійнага менталітэту”, скіроўваючы яго да агульнага дабра, - патлумачыў Святы Айцец.

Гаворачы пра эканоміку, Папа падкрэсліў, што ў гэтай сферы неабходна арыентавацца на "маяк", якім з’яўляецца сацыяльнае вучэнне Касцёла. Францішак нагадаў заклік святога Яна Паўла ІІ пра неабходнасць будавання “сацыяльнай рынкавай эканомікі”. Ён са шкадаваннем адзначыў, што сёння пераважаюць фінансы і канцэнтрацыя багаццяў у адных руках, што спрыяе росту няроўнасці і голаду ў свеце.

Закранаючы тэму ватыканскіх фінансаў Пантыфік падкрэсліў сумленнасць пераважнай большасці членаў Касцёла. Адначасова ён згадаў пра некаторых прэлатаў і вялікую колькасць фальшывых свецкіх “сяброў” Касцёла, якія “паспрыялі незаконнаму прысваенню рухомай і нерухомай маёмасці, не Ватыкана, а вернікаў”. Злоўжыванні былі самастойна выкрыты ватыканскімі органамі, што кажа пра эфектыўнасць сістэмы, лічыць Папа.

Святы Айцец пацвердзіў жаданне наведаць Аргентыну, падкрэсліваючы: “Было б няправільна сказаць, што я не хачу паехаць”. Таксама ён выказаў гатоўнасць адправіцца ў Кітай: “Нават заўтра, калі б гэта было магчыма”. Пантыфік заўважыў, што ведае пра праблемы і пакуты ў гэтай краіне.

Папа прызнаўся, што ў яго былі крызісы веры, пераадоленыя з Божай дапамогай: “У любым выпадку, вера, якая не ставіць нас у крызіс, гэта вера, якая знаходзіцца ў крызісе. Як вера, якая не дапамагае нам расці, з’яўляецца верай, якая павінна ўзрасці”, - сказаў ён.

Францішак заўважыў, што марыць пра Касцёл, у якім будзе пераважаць блізкасць да людзей. Касцёл – гэта Маці, а маці – ласкавая, яна дакранаецца, цалуе, любіць. “Калі Касцёл не блізкі да сваіх дзяцей, па прычыне занятасці тысячай спраў або мае зносіны з імі праз дакументы, гэта як калі б маці размаўляла са сваімі дзецьмі праз ліставанне”, - зазначыў Святы Айцец.
 

27 лютага 2023, 09:42