Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з паслом Турцыі пры Святым Пасадзе Папа падчас аўдыенцыі з паслом Турцыі пры Святым Пасадзе 

Святы Айцец да народа Турцыі: я разам з вамі і малюся

“Высакароднаму турэцкаму народу ў гэты час вялікага болю прысвечаны мае думкі і мае малітвы”, - з такім пісьмовым пасланнем звярнуўся Папа да насельніцтва Турцыі, пацярпелага ад катастрафічнага землятрусу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, я разам з вамі і малюся. З братэрскай любоўю, Францішак”, - такія словы напісаў Святы Айцец падчас аўдыенцыі з новым паслом Турцыі пры Святым Пасадзе Уфукам Улуташам, якая прайшла раніцай 16 лютага 2023 года ў Апостальскім палацы ў Ватыкане. Падчас сустрэчы 42-гадовы дыпламат уручыў Пантыфіку даверчыя граматы.

Колькасць загінулых у выніку жудаснага землятрусу, што адбыўся 6 лютага 2023 года у Турцыі і Сірыі, перавысіла 41 тысячу чалавек. Канчатковая лічба ахвяр пакуль невядомая. Дзясяткі тысяч людзей усё яшчэ лічацца прапаўшымі без вестак, працягваюцца ратавальныя аперацыі. Насельніцтва моцна пакутуе ад наступстваў прыроднага бедства, якія ўскладняюцца зімовымі маразамі.

Францішак не раз выказваў сваю блізкасць з ахвярамі землятрусу ў Турцыі і Сірыі, заклікаў да аказання канкрэтнай дапамогі. 15 лютага ў турэцкі горад Іскендэрун адправіўся гуманітарны груз з Ватыкана.

16 лютага 2023, 12:17