Святы Айцец: хто выбірае вайну і гвалт – здраджвае Богу
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Малітва – першае і самае важнае да чаго мы пакліканы, каб быць здольнымі дзейнічаць і мець сілы для пілігрымавання. Маліцца, дзейнічаць, пілігрымаваць: давайце паразважаем над гэтым трыма дзеясловамі”, - прапанаваў Святы Айцец прадстаўнікам розных канфесій, з якімі сустрэўся вечарам 4 лютага 2023 года ў маўзалеі Джона Гаранга ў Джубе. У малітве бралі ўдзел, між іншых, Прымас Англіканскай Царквы, Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, і мадэратар Царквы Шатландыі Іэн Грыншылдс.
Пантыфік заўважыў, што без малітвы становяцца марнымі ўсе вялікія намаганні, якія хрысціяне прыкладаюць на карысць чалавечага развіцця, салідарнасці і міру. “Мы не можам прасоўваць спакой, не звярнуўшыся спачатку да Князя спакою, - сказаў ён.
Францішак нагадаў пра моцную ўпэўненасць у Божым збаўленні, якую меў Майсей, калі разам з выбраным народам апынуўся перад непераадольным бар’ерам Чырвонага мора, выходзячы з Егіпту. “Гэта моц паходзіла ад слухання Пана, які паабяцаў яму праявіць сваю хвалу. Еднасць з Богам, давер да Яго, умацаваны ў малітве, быў таямніцай, дзякуючы якой Майсей змог вывесці народ з прыгнёту да свабоды”, - дадаў Святы Айцец, заклікаючы мясцовых хрысціян таксама чэрпаць сілы з настойлівай і няспыннай малітвы.
“Браты і сёстры, давайце падтрымліваць адзін аднаго ў гэтым: у нашых розных канфесіях давайце адчуем сябе з’яднанымі паміж сабой, як адна сям’я; і давайце адчуем абавязак маліцца за ўсіх. У нашых парафіях, цэрквах, на набажэнствах і сустрэчах праслаўлення давайце будзем старанна і аднадушна маліцца, каб Паўднёвы Судан, як Божы народ у Святым Пісанні, “дасягнуў абяцанай зямлі абяцанай”: няхай ён у спакоі і справядлівасці распараджаецца ўрадлівай і багатай зямлёй, якой валодае, і будзе напоўнены абяцаным мірам, які, на жаль, яшчэ не наступіў”, - заклікаў Пантыфік.
Святы Айцец зазначыў, што хрысціяне павінны дзейнічаць менавіта на карысць міру, бо Езус хоча, каб мы былі міратворцамі, каб Яго Касцёл быў не толькі знакам і прыладай еднасці з Богам, але таксама адзінства паміж усім родам чалавечым, - сказаў Папа, нагадваючы, што Божы спакой прадугледжвае паяднанне, прабачэнне і прымірэнне.
“Дарагія браты і сёстры, давайце нястомна працаваць дзеля такога спакою, будаваць які заклікае нас Дух Езуса і Айца: спакою, які інтэгруе разнастайнасці, які спрыяе адзінству ў множнасці. Гэта спакой Святога Духа, які гарманізуе адрозненні, у той час як дух, варожы Богу і чалавеку, выкарыстоўвае адрозненні, каб сеяць падзелы”, - сцвердзіў Францішак.
“Хто ідзе за Хрыстом, заўсёды выбірае спакой; кожны, хто развязвае вайну і гвалт, здраджвае Пану і адмаўляецца ад Яго Евангелля. Стыль, якому вучыць нас Езус, ясны: любіць усіх, бо ўсе – дзеці нябеснага Айца, які любіць іх. Любоў хрысціяніна распаўсюджваецца не толькі на бліжніх, але на кожнага, бо кожны чалавек – наш бліжні, брат і сястра ў Езусе Хрысте, нават нашы ворагі; тым больш тыя, хто належыць да нашага народу, хоць і мае іншую этнічнасць”, - сказаў Папа, заклікаючы хрысціян розных канфесій да братэрскай еднасці, каб дапамагаць адзін аднаму несці пасланне спакою грамадству, распаўсюджваць негвалтоўны стыль Езуса.
Францішак падзякаваў хрысціянскім супольнасцям Паўднёвага Судана за спрыянне прымірэнню і адзінству ў краіне, будучы вышэй за племянныя канфлікты, якія становяцца прычынай войн і насілля. На гэтым шляху сумеснага пілігрымавання, ён заклікаў мясцовых вернікаў захоўваць памяць пра сваіх папярэднікаў і працягваць разам клапаціцца пра людзей у нястачы, пра ўсіх, хто пакутуе, бо яны – умілаваныя Бога.