Святы Айцец нагадаў пра сумесную адказнасць за Касцёл
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак заўважыў, што ў першай хрысціянскай супольнасці вернікі “былі адзіныя сэрцам і душою”. “Вера ў Хрыста выражаецца ў жыцці і канкрэтных рашэннях, такіх як супольны характар дабротаў, ахвяраванне ўласнай маёмасці і размеркаванне сабранага апосталамі на карысць найбольш патрабуючых. Апостальская супольнасць пачала перамяняць свет, абапіраючыся на новы лад жыцця, пазначаны Евангеллем”, - дадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што дзякуючы сваім талентам і дабротам усе ўдзельнічалі ў той “евангельскай рэвалюцыі”, што робіць бачнай для ўсіх любоў, якой навучаў і якую дарыў Езус.
Папа заўважыў, што гэта дынаміка працягвае існаваць сёння, натхняючы сістэму эканамічнай падтрымкі Каталіцкага Касцёла ў Італіі, якую можна абагульніць словамі: сумесная адказнасць і удзел.
Францішак падкрэсліў, што “ў Касцёле ніхто не павінен быць гледачом” ці знаходзіцца на ўзбочыне. “Кожны павінен адчуваць сябе актыўнай часткай адзінай вялікай сям’і... Хрысціяне падтрымліваюць адзін аднаго, мацнейшы дапамагае слабейшаму: вось, што значыць любіць, быць супольнасцю і дзяліцца тым, што маем, у тым ліку матэрыяльнымі дабротамі і грашыма”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што сумесная адказнасць прадугледжвае актыўны ўдзел. “Толькі такім чынам мы можам дапамагчы супольнасці ўзрастаць з мацярынскім абліччам і стылем сапраўднага братэрства, дзе ўсе “адзіныя сэрцам і душою” і паміж імі ўсё супольнае”, - сказаў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што ў Касцёле няма вернікаў “першай” і “другой” лігі, а ўсе дзеці адзінага Айца, браты і сёстры, усведамленню чаго спрыяе сінадальны шлях. “Толькі разам, у гармоніі адметнасцей, можна сведчыць пра прыгажосць любові, якая вызваляе, дорыць сябе, дазваляе пераадолець негатыўную эгаістычную дынаміку, канфлікты і супрацьстаянне”, - дадаў Францішак, заклікаючы сваіх гасцей быць з’яднанымі і памятаць пра тое, што ўсё ў Касцёле павінна спрыяць місіянерскай дзейнасці.