Пошук

Святы Айцец: патрэбна шчырае жаданне адзінства хрысціян

Шлях двух вучняў у Эмаўс разам з уваскрослым Хрыстом, як сімвал экуменічнага шляху хрысціян да поўнай камуніі, быў тэмай звароту Папы да праваслаўных святароў і манахаў з розных краін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Калі хрысціяне будуць ісці разам, як рабілі вучні з Эмаўс, іх будзе суправаджаць Хрыстус, “знаходзячыся поруч, матывуючы і даводзячы да спаўнення іх шлях”, - заўважыў Пантыфік падчас аўдыенцыі, якая прайшла 23 лютага 2023 года ў Ватыкане. Ён нагадаў, што дзякуючы Езусу шлях вучняў ператварыўся ў пілігрымаванне.

“Смутак і засяроджанасць на сабе перашкаджалі ім пазнаць Езуса”, - заўважыў Папа, адзначаючы, што “падобным чынам адчай і самадастатковасць перашкаджаюць хрысціянам розных канфесій бачыць тое, што іх яднае, распазнаць Таго, хто іх лучыць”. Пантыфік заклікаў памятаць: чым больш ідзем разам, тым больш нас таямнічым чынам суправаджае Хрыстус, бо адзінства – гэта супольнае пілігрымаванне.

Другі важны элемент, прысутны ў евангельскім апавяданні – дыялог. “Дыялог пілігрымаў з Эмаўс прывёў іх да дыялогу з Езусам, які стаў яго экзэгетам; на аснове іх размоў Хрыстус прамаўляў да іх сэрцаў, абуджаў іх, запальваў іх, тлумачачы ва ўсім Святым Пісанні тое, што адносіцца да Яго. Гэта паказвае нам, што дыялог паміж хрысціянамі заснаваны на Божым слове, якое Пан Езус дае нам зразумець у святле свайго Духа”, - дадаў Папа.

Трэці элемент, важны для экуменічнага шляху – жаданне адзінства, якое адчувалі вучні з Эмаўс, не жадаючы расставацца з Хрыстом. Францішак падкрэсліў, што адзінства трэба жадаць з малітвай, ад усяго сэрца і ўсіх сіл, малітвай настойлівай і нястомнай.

Пантыфік адзначыў, што без шчырага жадання адзінства ўвесь шлях і дыялог становяцца фармальнасцю. “Святое Пісанне нагадвае нам, што Езус не дзяліў хлеб з адасобленымі і раз’яднанымі вучнямі; гэта яны павінны былі запрасіць Яго, прыняць Яго, жадаць Яго разам. Магчыма, гэта тое, чаго найбольш не хапае сёння хрысціянам розных канфесій: гарачага жадання адзінства, якое стаіць па-над аднабаковымі інтарэсамі”, - канстатаваў Папа.

“Дарагія браты, адзінства – гэта пілігрымаванне, адзінства – гэта дыялог, адзінства – гэта жаданне. Калі мы будзем жыць гэтымі трыма вымярэннямі ў экуменічным падарожжы, тады, як тыя вучні, мы разам пазнаем Хрыста падчас ламання хлеба і будзем радавацца еднасці з Ім за адным эўхарыстычным сталом. І як двое з Эмаўса пабеглі ў Ерузалем, каб з радасцю і здзіўленнем расказаць пра тое, што яны перажылі, так і мы зможам даць годнае сведчанне аб Укрыжаваным і Уваскрослым, “каб паверыў свет”, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік пажадаў сваім гасцям, каб падчас пілігрымкі ў Рым яны змаглі адчуць жывую прысутнасць Уваскрослага, каб еднасць паміж хрысціянамі ўзрастала ў братэрскім дыялогу, каб у кожным адновіцца гарачае жаданне адзінства. Папа таксама звярнуўся да прадстаўнікоў сірыйскага і турэцкага народаў, выказваючы асаблівую блізкасць насельніцтву гэтых краін у сувязі з нядаўнім разбуральным землятрусам.
 

23 лютага 2023, 10:08