Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: я свядома наведваю малыя краіны Еўропы

Пра жаданне даследаваць “схаваную Еўропу” ў яе самых малых краінах, а таксама магчымасць неўзабаве наведаць Манголію і Індыю, Папа згадаў падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Вяртаючыся з Апостальскага візіту ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан Францішак адказаў на пытанні журналістаў аб магчымых наступных пілігрымках. Ён пацвердзіў намер адправіцца ў верасні ў Марсэль у Францыі, падкрэсліваючы, што будзе наведваць не краіну, а толькі гэты горад, як падчас візіту ў Страсбург.

Папа згадаў пра запланаваную на жнівень паездку ў Лісабон, з нагоды Сусветных дзён моладзі, а таксама адзначыў, што магчыма ў 2023 годзе наведае Індыю. Пасля падарожжа ў Марсэль можа адбыцца пілігрымка ў Манголію, хоць канчатковае рашэнне па гэтай краіне яшчэ не прынята.

Каментуючы выбар накірункаў сваіх падарожжаў, Францішак растлумачыў, што прыняў крытэрый “наведвання найменшых краін Еўропы (...), каб спазнаць схаваную Еўропу, якая мае вялікую культуру, але застаецца невядомай”. Іншы крытэрый – “суправаджаць краіны”, напрыклад, такія як Албанія, якая пацярпела ад адной з самых жорсткіх дыктатур. Пантыфік падкрэсліў, што яго выбар служыць таму, каб “не ўпасці ў глабалізацыю абыякавасці”.
 

06 лютага 2023, 08:48