Пошук

Францішак пасля абрання Наступнікам святога Пятра Францішак пасля абрання Наступнікам святога Пятра 

10 гадоў пантыфікату Францішка: галоўныя факты

Дзесяць гадоў таму – 13 сакавіка 2013 года – 77-гадовы кардынал Хорхэ Марыа Бэрголіа, аргентынскі езуіт і нашчадак італьянскіх эмігрантаў, быў абраны 265-м Наступнікам святога Пятра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Гэта дзесяцігоддзе было яскрава пазначана рэформай Касцёла ў місійным ключы. Важнай вяхой пантыфікату стала выданне ў 2022 годзе новай Апостальскай канстытуцый аб Рымскай курыі Praedicate Evangelium. Сама назва дакумента, якая перакладаецца як Абвяшчайце Евангелле, кажа, што мэта рэформы – надаць усім ватыканскім структурам місійны характар.

Значнымі новаўвядзеннямі стала стварэнне Дыкастэрыі па міласэрным служэнні і Дыкастэрыі па евангелізацыі, на чале якой стаіць сам Пантыфік, а таксама ўключэнне свецкіх вернікаў і верніц у працэс кіравання курыяльнымі структурамі.

Пантыфікат пазначаны таксама новымі крокамі на экуменічным шляху, сярод якіх можна згадаць удзел Папы ў мерапрыемствах з нагоды 400-годдзя Рэфармацыі, арганізаваных Сусветнай лютэранскай федэрацыяй, сустрэчу з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам у Гаване, сумесную з англіканскім і прэсвітарыянскім духоўнымі лідарамі пілігрымку ў Паўднёвы Судан.

Экуменічны характар носіць Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які Папа ўстанавіў у 2015 годзе. Разам з Патрыярхам Барталамеем І Святы Айцец няспынна заклікае да “экалагічнага навяртання” – гэта тэме была прысвечана яго другая энцыкліка Laudato si’.

У сферы міжрэлігійнага дыялогу пантыфікат характарызуецца шэрагам візітаў Францішка ў мусульманскія краіны і падпісаннем сумеснай Дэкларацыі аб усеагульным братэрстве з Вялікім імам Аль-Азхар Ахмадам Аль-Таебам. У дакуменце асуджаецца выкарыстанне насілля ў імя рэлігіі і адзначаецца важнасць развіцця братэрскіх адносін і дыялогу паміж прадстаўнікамі розных веравызнанняў.

Святкаванне юбілею пантыфікату адбываецца ў кантэксце Сінода Біскупаў аб сінадальнасці, які ўпершыню прадугледжвае тры этапы: дыяцэзіяльны, кантынентальны і паўсюдны і мае на мэце ўмацаванне дыялогу і ўзаемнага слухання ў самім Касцёле.

Францішак працягнуў рашучую барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі ў каталіцкіх асяродках, афіцыйна распачатую яго папярэднікам, Бэнэдыктам XVI. Ён увёў больш строгія нормы ў сферы прадухілення выпадкаў злачынства, іх выкрыцця і пакарання вінаватых.

На працягу дзесяці гадоў пантыфікату ўвага Святога Айца галоўным чынам скіравана да геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферый: менавіта яны былі галоўнай мэтай большасці з 40-а Апостальскіх падарожжаў, здзейсненых Францішкам. Яго першы візіт адбыўся на італьянскі востраў Лампедуза – прыстанішча для шматлікіх мігрантаў, якія перабіраюцца пра Міжземнае мора, ратуючыся ад войнаў, беднасці і адсутнасці перспектыў, з надзеяй знайсці лепшае жыццё ў Еўропе.

Міграцыя, рэагаваць на якую Папа заклікае, кіруючыся чатырма дзеясловамі: прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць, стала адным са знакаў часу, на які звернута ўвага Святога Айца. Пантыфік часта паўтарае аб неабходнасці барацьбы з “культурай адчужэння” і “глабалізацыяй абыякавасці”, а таксама падкрэслівае, што ў бедных і патрабуючых дапамогі прысутнічае сам Езус, пра што павінны памятаць хрысціяне.

Тэма клопату – таксама адна з найважнейшых для Папы. Ён заклікае святароў быць пастырамі, якія маюць пах сваіх авечак, гэта значыць блізкія да статку, ідуць разам са сваімі вернікамі, будучы ўважлівымі, самаахвярнымі і міласэрнымі, бо стыль самаго Бога – гэта блізкасць, спагада і ласкавасць, а Яго імя – Міласэрнасць.

Дыпламатыя Святога Пасаду ў пантыфікат Францішка засяродзіла свае сілы на спрыянні міру. Першай важнай падзеяй у гэтым кантэксце стала сустрэча Прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны, Шымона Перэса і Махмуда Абаса ў Ватыканскіх садах. Апостальская Сталіца спрыяла аднаўленню дыпламатычных стасункаў паміж ЗША і Кубай, а ў 2018 годзе заключыла Часовую дамову аб прызначэнні біскупаў з Кітайскай Народнай Рэспублікай.

У абсурднай, жорсткай і святатацкай вайне, якую Расія распачала супраць Украіны, Пантыфік асабіста ўключыўся ў пошук магчымасцей для спынення агрэсіі. Адразу пасля нападу ён здзейсніў беспрэцэдэнтны візіт да пасла Расіі пры Святым Пасадзе, некалькі разоў стэлефаноўваўся з Уладзімірам Зяленскім і кожны тыдзень няспынна заклікае да міру, не дазваляючы чалавецтву забыць пра пакуты змучанага ўкраінскага народа.

Святы Айцец высока цэніць прыклад святасці і ўклад сваіх папярэднікаў у жыццё Касцёла. У гэты пантыфікат былі кананізаваны Ян ХХІІІ, Павел VI, Ян Павел І і Ян Павел ІІ. Блізкія братэрскія адносіны існавалі паміж Фрацішкам і Бэнэдыктам XVI, які адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 года.

На працягу апошніх дзесяці гадоў Францішак правёў 430 агульных аўдыенцый, падчас якіх пазнаёміў вернікаў з 21-м катэхетычным цыклам; 8 кансісторыяў, падчас якіх прызначыў 111 кардыналаў; кананізаваў 911 святых (800 з якіх – мучанікі з Отранта). Папа правёў 550 сустрэч на малітве Анёл Панскі і Уладарка Неба, а таксама ініцыяваў некалькі тэматычных гадоў у Касцёле: Год кансэкраванага жыцця (2015-2016), Год святога Юзафа (2020-2021) і Год Сям’і – Amoris Laetitia. Важнай падзеяй стала правядзенне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які адбыўся ў 2015-2016 гадах. Яшчэ адзін Юбілей пройдзе ў 2025 годзе.

Францішак выдаў тры энцыклікі: Lumen fidei (2013), Laudato si’ (2015) і Fratelli tutti (2020), а таксама шэсць Апостальскіх адгартацый: Evangelii gaudium (2013), Amoris laetitie (2016), Gaudete et exultate (2018), Christus vivit (2019) i Querida Amazonia. Ён ініцыяваў правядзенне пяці Сінода Біскупаў, прысвечаных сям’і, моладзі, Панамазоніі і сінадальнасці.
 

13 сакавіка 2023, 08:24