Пошук

Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Minerva Dialogues Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Minerva Dialogues  (Vatican Media)

Францішак: алгарытмы не могуць абумоўліваць чалавечых пачуццяў

“Я перакананы, што дыялог паміж вернікамі і няверуючымі па фундаментальных пытаннях этыкі, навукі і мастацтва, а таксама па пошуку сэнсу жыцця – гэта шлях да мірабудаўніцтва і цэласнага развіцця чалавецтва”, - прызнаўся Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

27 сакавіка 2023 года Францішак сустрэўся з удзельнікамі Minerva Dialogues, якія прыехалі ў Рым на штогадовую сустрэчу. Ініцыятыва збірае экспертаў са свету тэхналогій – навукоўцаў, інжынераў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, юрыстаў і філосафаў, а таксама прадстаўнікоў Касцёла, у першую чаргу, тэолагаў. Мэта – садзейнічанне больш глыбокаму вывучэнню сацыяльнага і культурнага ўздзеяння лічбавых тэхналогій, асабліва штучнага інтэлекту.

Святы Айцец лічыць, што “тэхналогіі аказваюць вялікую дапамогу чалавецтву”. Тут ён згадаў “незлічоныя дасягненні ў галінах медыцыны, інжынерыі і камунікацый”. Але разам з прызнаннем пераваг навукі і тэхнікі, варта памятаць пра “творчы патэнцыял чалавека і высакароднасць яго паклікання адказна ўдзельнічаць у творчым дзеянні Бога”.

“З гэтага пункту гледжання лічу, што развіццё штучнага інтэлекту і машыннага навучання мае здольнасць зрабіць дабратворны ўклад у будучыню чалавецтва. Аднак я ўпэўнены, што гэты патэнцыял будзе рэалізаваны толькі пры ўмове пастаяннай гатоўнасці тых, хто распрацоўвае гэтыя тэхналогіі, дзейнічаць этычна і адказна”, - заявіў Пантыфік.

Ён прапанаваў экспертам “зрабіць неад'емную годнасць кожнага мужчыны і жанчыны ключавым крытэрыем пры ацэнцы новых тэхналогій, якія праяўляюць сваю этычную пазітыўнасць у той меры, у якой яны дапамагаюць праявіць гэтую годнасць і ўзмацніць яе выяўленне на ўсіх узроўнях чалавечага жыцця”.

Францішак не хаваў сваёй занепакоенасці тым, што “лічбавыя тэхналогіі спрыяюць павышэнню ўзроўню няроўнасці ў свеце”. Прычым гаворка ідзе “не толькі пра адрозненні ў матэрыяльным дабрабыце, што вельмі важна, але і адрозненні ў доступе да палітычнага і сацыяльнага ўплыву”. Праблема няроўнасці можа пагаршацца “ілжывым уяўленнем аб мерытакратыі, якая падрывае паняцце чалавечай годнасці”.

“У рэчаіснасці наша мэта складаецца ў тым, каб рост навуковых і тэхналагічных інавацый суправаджаўся большай роўнасцю і сацыяльнай інтэграцыяй”, - падкрэсліў Папа.

“Канцэпцыя неад'емнай чалавечай годнасці патрабуе ад нас прызнання і павагі да таго факту, што фундаментальная каштоўнасць чалавека не можа вымярацца наборам даных. У працэсах прыняцця грамадскіх і эканамічных рашэнняў мы павінны быць асцярожнымі, давяраючы меркаванні алгарытмам, якія апрацоўваюць даныя, сабраныя часта таемна, аб асобах, іх рысах і паводзінах у мінулым. Такія даныя могуць быць заражаныя сацыяльнымі забабонамі і прадузятасцю. (...) Мы не можам дазволіць алгарытмам абмяжоўваць або абумоўліваць павагу да чалавечай годнасці, а таксама выключаць спачуванне, міласэрнасць, прабачэнне і, перш за ўсё, адкрытасць на надзею на перамену асобы”, - сказаў Святы Айцец.

Завяршаючы сваю прамову да экспертаў са свету тэхналогій і тэолагаў, Францішак “пацвердзіў перакананне ў тым, што толькі сапраўды інклюзіўныя формы дыялогу могуць зрабіць магчымым мудрае вызначэнне таго, як паставіць штучны інтэлект і лічбавыя тэхналогіі на службу чалавечай сям'і”.
 

27 сакавіка 2023, 12:39