Пошук

Аўдыенцыя для членаў арганізацыі Misión América Аўдыенцыя для членаў арганізацыі Misión América  (Vatican Media)

Папа: Езус пасылае вучняў на місію, паказваючы ім свае раны

Сапраўдная роўнасць і справядлівасць не ў тым, каб навязваць адзіны і аднолькавы для ўсіх шлях, але суправаджаць кожнага, дапамагаючы адказаць на пакліканне Бога, на Яго задуму любові да кожнага з нас, - лічыць Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 сакавіка 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва дабрачыннай арганізацыі Misión América, якая дзейнічае ў супрацоўніцтве з іспанскім епіскапатам, дапамагаючы ў рэалізацыі касцёльных праектаў у краінах Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Сустрэча была прымеркавана да 30-годдзя аб'яднання. У ёй бралі ўдзел таксама біскупы з Іспаніі, адказныя за місійную дзейнасць.

Пантыфік нагадаў евангельскую гісторыю пра тое, як Езус аб’явіўся сваім пасля ўваскрасення і паказаў ім свае прабітыя рукі і бок. Бог паслаў Хрыста, а цяпер пасылае нас, “робячы бачнай рэальнасць болю, граху і смерці, не для таго, каб асуджаць кагосьці, але, каб глыбока аздаравіць чалавецтва, узяўшы яго на сябе”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы сваіх гасцей натхняцца гэтым урыўкам пры правядзенні кампаній па інфармаванні аб сітуацыі ў Лацінскай Амерыцы.

Святы Айцец заахвоціў мець увагу да патрэб людзей, а ў першую чаргу павагу да самаго чалавека ва ўсёй яго цэласнасці. “Сапраўдная роўнасць, сапраўдная справядлівасць не ў тым, каб навязваць адзіны і аднолькавы для ўсіх шлях, але быць здольнымі суправаджаць кожнага, у яго свабодзе і патрэбах, каб усе маглі адказаць на пакліканне Бога, на Яго задуму любові да кожнага з нас”, - сказаў Папа, адзначаючы таксама важнасць валанцёрскай дзейнасці і супрацоўніцтва ў духу міру.

“Дарагія браты, няхай гэты вобраз Езуса, які пасылае свой Касцёл на місію, будзе для вас стымулам, каб вы маглі бачыць раны, якія яшчэ адчувальныя ў Яго Містычным Целе; патрабаваць і дамагацца павагі да кожнага чалавека і яго права распазнаваць шлях, які яму накрэслівае Бог; працаваць і падтрымліваць працу ўсіх тых, хто, як і мы, быў пасланы; супрацоўнічаць з усімі людзьмі добрай волі, на хвалу Бога, які з’яўляецца не кім іншым, як жывым чалавекам”, - сказаў Святы Айцец.
 

11 сакавіка 2023, 13:41