Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў ініцыятывы Progetto Policoro Аўдыенцыя для ўдзельнікаў ініцыятывы Progetto Policoro  (Vatican Media)

Францішак: палітыка – гэта служэнне, а не панаванне

Добры палітык павінен заахвочваць людзей, спрыяць прадпрымальніцтву, дапамагаць адчуць прыгажосць прыналежнасці да супольнасці, перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 сакавіка 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў ініцыятывы італьянскага епіскапату Progetto Policoro, якая прадугледжвае грамадска-палітычную фармацыю моладзі ў духу каталіцкіх каштоўнасцей і асаблівым чынам прысвечана тэме міру.

“Вайна, мае дарагія – гэта правал палітыкі. Яна сілкуецца атрутай, бачачы ў іншым чалавеку ворага. Вайна паказвае абсурднасць гонкі ўзбраенняў і яе выкарыстання для вырашэння канфліктаў. Таму нам патрэбна “лепшая палітыка”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што яна прадугледжвае выхаванне ў духу міратворчасці.

Францішак зазначыў, што палітыка сёння карыстаецца не вельмі добрай рэпутацыяй, асабліва сярод моладзі. “Прычын шмат, але як не думаць пра карупцыю, неэфектыўнасць, аддаленасць ад жыцця людзей?”, - сказаў ён, прыводзячы ў прыклад біблійную гісторыю пра караля Ахаба, які завалодаў вінаграднікам Набота пасля таго як апошні быў фальшыва абвінавачаны ў блюзнерстве і ўкаменаваны.

“Ахаб уяўляе сабой найгоршы від палітыка, якая імкнецца не да агульнага дабра, а да асабістай выгады, выкарыстоўваючы ўсе сродкі, каб дасягнуць яе. Ахаб не айцец, а ўладар, а яго кіраванне – гэта паваннне”, - сказаў Пантыфік. “Палітыка, якая ажыццяўляе ўладу як панаванне, а не як служэнне, няздольная клапаціцца, топча бедных, эксплуатуе зямлю, а канфлікты вырашае вайной”, - дадаў ён.

У якасці добрага біблійнага прыкладу Францішак згадаў пра Юзафа, сына Якуба, які быў прададзены зайздроснымі братамі як нявольнік у Егіпет, але пасля шэрагу перыпетый атрымаў свабоду і стаў намеснікам фараона, клапоцячыся пра сваю новую краіну як айцец. Нават спазнаўшы несправядлівасць, ён не шукаў уласнай карысці, але выгады для народа, клапаціўся пра агульнае дабро, быў будаўніком міра, ткаў адносіны, здольныя абнавіць грамадства.

Папа заўважыў, што двума аспектамі духоўнасці, якая сілкуе палітыку, з’яўляюцца пяшчота і плённасцю. Пяшчота – гэта “любоў, якая становіцца блізкай і канкрэтнай”; гэта “дарога, якую выбралі самыя моцныя і смелыя мужчыны і жанчыны. Сярод клопатаў палітычнага жыцця найменшыя, найслабейшыя і найбяднейшыя павінны крануць нашыя сэрцы”, - нагадаў ён словы энкцыклікі Fratelli tutti.

Плённасць, у сваю чаргу, заключаецца ў дзяленні, дальнабачнасці, дыялогу, даверу, разумення, слухання, ахвяравання часу, гатовых, а не адкладзеных рашэннях. “Гэта значыць глядзець у будучыню і інвеставаць у будучыя пакаленні; запускаць працэсы, а не займаць месцы”, - дадаў ён.

“Дарагія сябры, у завяршэнне я хацеў бы прапанаваць вам пытанні, якія павінен задаць сабе кожны добры палітык: “Колькі любові я ўклаў у сваю працу? Што я зрабіў для развіцця людзей? Які след я пакінуў у жыцці грамадства? Якія сапраўдныя сувязі я стварыў? Якія станоўчыя сілы я вызваліў? Колькі я пасеяў сацыяльнага спакою? Што зрабіў на даверанай мне пасадзе?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік.

“Няхай вас клапоціць не падтрымка на выбарах ці асабісты поспех, а заахвочванне людзей, развіццё прадпрымальніцтва, дапамога ў ажыццяўленні мараў, каб людзі адчулі прыгажосць прыналежнасці да супольнасці. Усеагульны ўдзел – гэта алей на раны дэмакратыі. Я запрашаю вас зрабіць свой унёсак, удзельнічаць у жыцці грамадства і запрашаць да гэтага вашых аднагодак, заўсёды з мэтай і ў духу служэння”, - заклікаў Папа.

18 сакавіка 2023, 11:59