Пантыфік: Іерусалім – агульны здабытак чалавецтва
Марыя Валодзіна - Vatican News
9 сакавіка 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі членаў Сумеснай рабочай групы па дыялогу, створанай ватыканскай Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу і Палестынскай камісіяй па міжрэлігійным дыялогу. Ініцыятарамі яе стварэння сталі спачылы кардынал Жан-Луі Таран і шэйх Махмуд аль-Хабаш, які прысутнічаў на сустрэчы.
Тэмай пасяджэння групы ў гэтым годзе стала духоўнае значэнне Святога горада Іерусаліма для яўрэяў, хрысціян і мусульман. У сувязі з гэтым Папа паўтарыў свой заклік аб тым, каб Іерусалім разглядаўся як "агульны здабытак чалавецтва, асабліва паслядоўнікаў трох монатэістычных рэлігій, як месца сустрэчы і як сімвал мірнага суіснавання".
“У Евангеллі гэты горад быў месцам шматлікіх падзей у жыцці Езуса. Немаўляткам Яго прынеслі ў Іерусалім, каб прадставіць Пану ў святыні, штогод разам з бацькамі Ён адпраўляўся ў Іерусалім на свята Пасхі. У Святым горадзе Езус вучыў і здзяйсняў шматлікія цуды. Там Ён завяршыў сваю місію, там адбыліся Яго пакуты, смерць і ўваскрасенне – тая Велікодная таямніца, якая ляжыць у аснове хрысціянскай веры. У Іерусаліме ўзнік Касцёл, калі Святы Дух сышоў на вучняў, якія маліліся разам з Паннай Марыяй, і паслаў іх несці ўсім народам добрую вестку пра Збаўленне”, - нагадаў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што “Іерусалім мае ўніверсальную каштоўнасць, пра што сведчыць сама яго назва, "горад міру". Ён узгадаў евангельскі момант з жыцця Езуса, калі Той наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім і сказаў: “Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго!” (Лк 19: 41-42). “Езус плакаў па Іерусаліму, - падкрэсліў Папа, заклікаючы не прапускаць гэтыя словы міма вушэй, - Гэтыя слёзы Езуса трэба сузіраць у цішыні. Браты і сёстры, колькі мужчын і жанчын, яўрэяў, хрысціян і мусульман, плакалі і працягваюць аплакваць Іерусалім у нашы дні!”
Па словах Папы, “гэты евангельскі ўрывак нагадвае нам пра каштоўнасць спачування”. Божая спагада да Іерусаліма павінна стаць нашай уласнай, больш магутнай, чым любая ідэалогія або палітычныя погляды. Наша любоў да Cвятога горада павінна нагадваць “любоў да маці, якая заслугоўвае павагі і пашаны з боку ўсіх”, - зазначыў Пантыфік.
Напрыканцы сустрэчы Папа “ад усяго сэрца заахвоціў” групу працягваць працу па міжрэлігійным дыялогу і папрасіў Усявышняга дараваць ёй сваё багатае благаславенне.