Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з бежанцамі, якія прыбылі ў Еўропу па гуманітарных калідорах Папа падчас аўдыенцыі з бежанцамі, якія прыбылі ў Еўропу па гуманітарных калідорах 

Святы Айцец: прыём бежанцаў паказвае шлях у будучыню

Звяртаючыся да бежанцаў, якія прыбылі ў Еўропу ў рамках праекта Гуманітарныя калідоры, Францішак сказаў, што гэтая ініцыятыва абараняе годнасць мігрантаў, разбурае сцены абыякавасці і дае Еўропе абнадзейлівае бачанне будучыні.

Марыя Валодзіна – Vatican News

На сустрэчы, якая прайшла ў Ватыкане 18 сакавіка 2023 года, прысутнічалі сем'і мігрантаў, якія прыбылі ў Італію, Францыю, Бельгію і Андору па гуманітарных калідорах, арганізаваных супольнасцю святога Эгідзія, Федэрацыяй Евангельскіх Цэркваў, Вальдэнскай Царквой, а таксама Карытас і ўрадамі еўрапейскіх краін.

У сваёй прамове Пантыфік нагадаў, што гуманітарныя калідоры былі створаны ў 2016 годзе ў адказ на драматычную сітуацыю з мігрантамі ў Міжземным моры. Ініцыятыва застаецца па-ранейшаму актуальнай, пра што сведчыць нядаўняя трагедыя ля берагоў італьянскай Калабрыі. “Гэта караблекрушэнне не павінна было адбыцца, і трэба зрабіць усё магчымае, каб яно не паўтарылася”, - сказаў Францішак.

На думку Святога Айца, “гуманітарныя калідоры – гэта магчымасць пазбегнуць трагедый і небяспекі, звязаных з гандлем людзьмі”. Аднак неабходна “прыкласці яшчэ шмат намаганняў, каб пашырыць гэтую мадэль і адкрыць новыя легальныя шляхі міграцыі”, - лічыць Папа. Ён перакананы, што “бяспечная, упарадкаваная, легальная і ўстойлівая міграцыя адпавядае інтарэсам усіх краін”.

Паводле Пантыфіка, дзейнасць супольнасцяў, якія прымаюць бежанцаў, дэманструе шлях Еўропе, таму што “замыкаючыся ў сабе, у сваёй культуры”, немагчыма вярнуць надзею. Гісторыя Еўропы на працягу стагоддзяў была “гісторыяй інтэграцыі розных народаў і культур”, - нагадаў Францішак.

Гуманітарныя калідоры дазваляюць не толькі выратаваць людзей “ад нявызначанасці, небяспекі і бясконцых чаканняў”, але і садзейнічаюць іх інтэграцыі, якая “ідзе не без цяжкасцяў”, таму што не ўсе да яе гатовыя. Важна надаваць яшчэ больш увагі таму, каб “інфармаваць мігрантаў, якія жадаюць прыехаць у Еўропу, аб рэальнасці, з якой яны сутыкнуцца”. Важна таксама “суправаджаць людзей ад пачатку да канца”, да іх поўнай інтэграцыі ў грамадства, - лічыць Папа.

Пантыфік падзякаваў арганізатарам гуманітарных калідораў і сотням людзей, сем'яў, супольнасцяў, якія адкрылі свае сэрцы і дамы для бежанцаў, сярод якіх шмат украінцаў. Звяртаючыся да іх, Папа падкрэсліў, што ён “не адмаўляецца ад пошуку міру, спадзяецца на мір і моліцца аб ім”. “Я раблю гэта для вашай змучанай краіны і для іншых краін, пацярпелых ад вайны”, - сказаў ён.

Папа назваў гуманітарныя калідоры “экуменічнай ініцыятывай”, “моцным досведам адзінства сярод хрысціян”.

Звяртаючыся да бежанцаў, якія прайшлі праз гуманітарныя калідоры, Святы Айцец сказаў: “Вы праявілі цвёрдую волю да жыцця без страху і няўпэўненасці. Вы знайшлі сяброў і прыхільнікаў, якія сталі для вас другой сям'ёй. Вы вывучылі новую мову і пазнаёміліся з новым грамадствам. Усё гэта цяжка, але плённа. Я кажу гэта як сын эмігрантаў, якія прайшлі гэты шлях. Ваш станоўчы прыклад і працавітасць дапамагаюць абвергнуць страхі і трывогі ў адносінах да чужынцаў. Наадварот, ваша прысутнасць можа стаць дабратворнай для краіны, у якой вы знаходзіцеся, законы і культуру якой вы навучыліся паважаць”.

Напрыканцы прамовы Папа нагадаў евангельскія словы “Я быў падарожным, і вы прынялі Мяне” (Мц 25,35), якія, на яго думку, паказваюць нам шлях у будучыню. Ён ад усяго сэрца благаславіў прысутных і папрасіў іх маліцца за яго.

18 сакавіка 2023, 12:42