Святы Айцец: ніхто не сталее, ізалюючы сябе
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Энцыкліка Fratelli tutti – гэта заклік “мысліць і ствараць адкрыты свет”, - падкрэсліў Святы Айцец у сваёй прамове, прапануючы паразважаць над некаторымі часткамі гэтага дакумента, заклікаючы да большай адкрытасці і бескарыслівасці, якія з’яўляюцца фундаментальнымі элементамі культуры гасціннасці.
У першую чаргу Францішак звярнуў увагу на раздзел энцыклікі пад назвай Усё большая адкрытасць любові. “Дзякуючы любові мы ўрэшце імкнемся да паўсюднай еднасці. Ніхто не сталее і не дасягае сваёй паўнаты, ізалюючы сябе. Паводле сваёй дынамікі, любоў патрабуе ўсё большай адкрытасці, большай здольнасці прымаць іншых у бясконцым працэсе, які аб’ядноўвае ўсе перыферыі на шляху да поўнага адчування ўзаемнай прыналежнасці. Езус сказаў нам: “Усе вы – браты” (FT, 95), - нагадаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што гасціннасць – гэта “выраз любові і той дынамікі адкрытасці, якая падштурхоўвае нас звярнуць увагу на бліжняга, жадаць лепшага для яго жыцця”. У якой ступені грамадства прасякнута адкрытасцю і прыняццем, у той меры яно “становіцца здольным інтэграваць усіх сваіх членаў, нават тых, якія па розных прычынах з’яўляюцца “экзістэнцыяльнымі чужаземцамі” або “схаванымі бежанцамі”, якімі часам аказваюцца, напрыклад, людзі з абмежаванымі магчымасцямі або пажылыя, - заўважыў Францішак.
Святы Айцец звярнуў таксама ўвагу на актуальнасць 141-га раздзела энцыклікі Fratelli tutti: “Сапраўдная каштоўнасць розных краін нашага свету вымяраецца іх здольнасцю думаць не толькі як краіна, але і як частка большай чалавечай сям’і, што яскрава выяўляецца ў крытычныя моманты. У выніку, вузкія формы нацыяналізму выражаюць тую няздатнасць да бескарыслівасці, памылковае перакананне, што можна развівацца здалёк ад няшчасця іншых, што, зачыніўшы дзверы для іншых, можна лепш абараніцца. Імігранта разглядаюць як узурпатара, які нічога не дае. Гэта прыводзіць да наіўнага меркавання, што бедныя небяспечныя або бескарысныя, а заможныя – шчодрыя дабрачынцы. Толькі сацыяльная і палітычная культура, у якой ёсць бескарыслівая гасціннасць, мае будучыню”.
Папа падкрэсліў, што бескарыслівасць – гэта фундаментальны элемент для стварэння братэрства і сацыяльнага сяброўства. “Мы часта гаворым пра ўклад, які мігранты ўносяць або могуць унесці ў грамадства, якое іх прымае. Гэта праўда, і гэта важна. Але фундаментальны крытэрый заключаецца не ў карыснасці чалавека, а ў самой каштоўнасці, якую ён уяўляе. Іншы чалавек заслугоўвае таго, каб яго прынялі не столькі за тое, што ён мае ці што можа даць, колькі за тое, што ён ёсць”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы сваіх гасцей працягваць дзейнічаць на карысць культуры гасціннасці.
Навучальныя курсы Катэдра гасціннасці, арганізаваныя супольнасцю Fraterna Domus, праходзяць 6-10 сакавіка 2023 года ў мястэчку Сакрафана бліз Рыма.