Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з супрацоўнікамі вандроўных атракцыёнаў Папа падчас аўдыенцыі з супрацоўнікамі вандроўных атракцыёнаў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: чалавек створаны не толькі для працы, але і для свята

“Вандруючы па гарадах і мястэчках, вы ўносіце ў жыццё дзяцей і дарослых моманты бесклапотнасці”, - звярнуўся Пантыфік да членаў італьянскага Нацыянальнага саюза вандроўных атракцыёнаў, з якімі сустрэўся 20 сакавіка 2023 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваёй прамове Святы Айцец заўважыў, што Касцёл будзе працягваць суправаджаць супрацоўнікаў вандроўных атракцыёнаў, “несучы ім Хрыста Збаўцу, які падарожнічаў па гарадах і вёсках з радаснай весткай аб царстве Божым”.

Францішак спаслаўся на сваю Апостальскую адгартацыю Evangelii gaudium, якая пачынаецца такімі словамі: “Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам”. “Вы таксама, у шырокім сэнсе слова, супрацоўнічаеце ў абвяшчэнні Евангелля, прыносячы людзям радасць сваімі атракцыёнамі. Таму я заклікаю вас заўсёды трымаць сваё сэрца і жыццё адкрытымі для веры, якая ўзнікае ў выніку сустрэчы з Хрыстом, які прысутнічае і дзейнічае ў Касцёле”, - звярнуўся да гасцей Папа.

Вандроўныя атракцыёны, якія пасля пандэміі зноў вярнуліся да сваёй звыклай справы, падарожнічаюць па гарадскіх вуліцах і плошчах, уносячы ў жыццё людзей радасць і бесклапотнасць, - заўважыў Францішак, дадаючы, што “шчаслівае дзіця на каруселі з’яўляецца вобразам чыстай радасці, які захоўваецца ў памяці кожнай сям'і”.

“Адчуванне радасці і свята, якое прыносяць вулічныя спектаклі, вынікае з творчасці і фантазіі, а не з штучных і канфармісцкіх мадэляў, якія цыркулююць у сродках масавай інфармацыі”, - заўважыў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што тое, што адчуваюць у парку атракцыёнаў з’яўляецца “простым і сапраўдным адчуваннем”.

Папа заклікаў супрацоўнікаў вандроўных атракцыёнаў працягваць працу: “У шэрым і цяжкім клімаце, які часта пануе ў свеце, вы нагадваеце нам пра тое, што шчасце ў прастаце, весялосці на адкрытым паветры, у кампаніі”. Сёння, калі чалавек праводзіць час сам-насам з мабільным тэлефонам або камп’ютарам, вандроўныя атракцыёны працягваюць запрашаць “выйсці на вуліцу, сустрэцца на плошчы і разам павесяліцца”.

Святы Айцец падзякаваў гасцям за тое, што “у глыбіні душы яны памятаюць, што мы створаны не толькі для працы, але і для свята”. “Бог радуецца, калі мы святкуем усе разам, як браты”, - сказаў напрыканцы прамовы Папа, дадаючы, што пакліканне прысутных у тым, каб “смяяцца і смяшыць”, “сеяць ўсмешкі, сеяць радасць, сеяць мір, сеяць больш пазітыўны гарызонт”. Францішак ад усяго сэрца благаславіў супрацоўнікаў вандроўных атракцыёнаў і папрасіў іх маліцца аб ім.

20 сакавіка 2023, 11:53