Пошук

Папа да семінарыстаў: аддайце сябе Богу і яго святому народу

Вучыцца слухаць, крочыць разам і сведчыць, - такую параду даў Папа навучэнцам духоўнай семінарыі ў амерыканскім Кліўлендзе, якіх прыняў 6 сакавіка 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Умець слухаць, асабліва Бога, – без гэтага вернік не зможа духоўна развівацца. Францішак заклікаў семінарыстаў “кожны дзень адводзіць месца для Пана, разважаць над Яго Словам, знаходзіць святло для свайго шляху з дапамогай духоўнага суправаджэння і, перш за ўсё, праводзіць час з Богам у малітве, слухаючы Яго ў цішыні перад табернакулюмам”.

Пантыфік спаслаўся на Сінадальны працэс, які зараз ідзе ў Касцёле, і прапанаваў моладзі залучыцца ў “сумеснае хаджэнне”. “Час вашага навучання ў семінарыі – гэта магчымасць паглыбіць дух братэрскіх зносін не толькі паміж сабой, але і з вашым біскупам, з прэзбітэратам мясцовага Касцёла, з кансэкраванымі і свецкімі вернікамі, а таксама з паўсюдным Касцёлам”, - адзначыў ён, дадаючы: “Мы павінны ўсведамляць сябе часткай аднаго вялікага народа, які атрымаў Божыя абяцанні як дар, а не як прывілей”.

“Няхай гады, праведзеныя ў семінарыі, падрыхтуюць вас да таго, каб цалкам аддаць сябе Богу і яго святому народу, у цэлібаце і з непадзеленым сэрцам. Касцёл мае патрэбу ў вашым энтузіязме, шчодрасці і стараннасці паказаць усім, што Бог заўсёды з намі, у любых абставінах жыцця”, - заўважыў Папа, запрашаючы семінарыстаў вучыцца сведчанню.

Завяршаючы сустрэчу, Францішак яшчэ раз заклікаў навучэнцаў семінарыі ў Кліўлендзе, якая сёлета адзначае 175-годдзе з дня заснавання, развіваць у сабе ўменне слухаць, крочыць разам і сведчыць на Сінадальным шляху Касцёла, а таксама на шляху да святарскага пасвячэння.
 

06 сакавіка 2023, 12:28