Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з членамі Папскай акадэміі святога Альфонса Папа падчас аўдыенцыі з членамі Папскай акадэміі святога Альфонса  (Vatican Media)

Папа да тэолагаў: даваць адказы на рэальныя праблемы людзей

Тэолагі, маралісты, місіянеры і спаведнікі закліканы ўступаць у жывыя адносіны з народам Божым, - нагадаў Францішак членам Папскай акадэміі святога Альфонса, якіх прыняў 23 сакавіка 2023 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Ужываць "народную мову", "заўсёды быць на баку канкрэтнага чалавека”, “не забываць пра думкі і пачуцці народа”, распрацоўваць жыццяздольныя і гуманныя прапановы маральнага жыцця, каб зрабіць даступнымі плён тэалагічнай рэфлексіі, - з такім запрашэннем звярнуўся Пантыфік да членаў Папскай акадэміі святога Альфонса і ўдзельнікаў канферэнцыі "Святы Альфонс: пастар апошніх і доктар Касцёла".

“Другі Ватыканскі Сабор сцвярджае, што маральная тэалогія, якая сілкуецца Святым Пісаннем, павінна дапамагчы вернікам зразумець веліч паклікання несці ў свет міласэрнасць Хрыста” (Optatam totius, 16), - заўважыў Папа. У аснове кожнай тэалагічнай прапановы ляжыць Божая любоў. Такім чынам, тэолагі, місіянеры і спаведнікі закліканы ўступіць у жывыя адносіны з народам Божым, каб зразумець іх рэальныя цяжкасці і прапанаваць адказы, якія адлюстроўваюць святло вечнай любові Айца.

Францішак заклікаў тэолагаў распрацоўваць “хрысціянскую жыццёвую прапанову", якая аднак " не з'яўляецца халоднай мараллю", а накіравана на разуменне, прабачэнне, суправаджэнне і, перш за ўсё, інтэграцыю.

У галіне біяэтыкі Святы Айцец рэкамендаваў гасцям развіваць "цярпенне слухання і абмеркавання", "пазбягаць экстрэмісцкай дынамікі палярызацыі", тыповай больш для дэбатаў у СМІ, чым для здаровых і плённых навуковых і тэалагічных даследаванняў, а таксама шукаць “агульныя рашэнні, якія прызнаюць і гарантуюць павагу да святасці кожнага жыцця". На думку Францішка, біяэтычныя прапановы павінны быць уважлівымі да рэальных драм людзей, якія часта аказваюцца заблытанымі перад тварам маральных дылем жыцця.

Разважаючы пра пытанні сацыяльнай маралі, Пантыфік заўважыў: “Крызіс навакольнага асяроддзя, экалагічныя перамены, вайна, фінансавая сістэма, здольная абумоўліваць жыццё людзей настолькі, што стварае новых рабоў, неабходнасць пабудовы братэрства паміж людзьмі і народамі - гэтыя тэмы павінны стымуляваць нас да даследаванняў і дыялогу”. Да такіх сур'ёзных маральных праблем, як міграцыя або педафілія, сёння дадаюцца праблемы канцэнтрацыі прыбытку і падзелу ўлады ў свеце. Францішак заклікаў тэолагаў з упэўненасцю прыняць гэтыя выклікі, прымірыць навуковую строгасць з блізкасцю да народа Божага і даць канкрэтныя адказы на рэальныя праблемы людзей.

23 сакавіка 2023, 13:20